Галоўны ўрач цэнтральнай раённай бальніцы Станіслаў Стома, які з’яўляўся дэлегатам ад Шаркаўшчынскага раёна на VI Усебеларускім народным сходзе, праводзіць сустрэчы з працоўнымі калектывамі прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў, паведамляе пра тое, як прайшоў знакавы для нашай краіны форум, якія планы і задачы ў сацыяльна-эканамічным жыцці рэспублікі акрэслілі на бліжэйшую пяцігодку.
Са сваім чарговым візітам галоўны ўрач ЦРБ наведаў калектывы ПМК-68 і раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі.
— Я застаўся пад уражаннем ад Усебеларускага народнага сходу, бо менавіта на ім вызначалася будучае нашай краіны, браліся арыенціры на развіццё ўсіх сфер жыцця, — паведаміў Станіслаў Тадэвушавіч. — Асабліва закранула прамова Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі, які шчыра перажывае за нашу краіну, за тое, якая будучыня чакае моладзь, як жывуць пенсіянеры, у якіх умовах працуюць беларусы і якую заработную плату атрымліваюць за сваю работу. Аляксандр Рыгоравіч клапоціцца як аб квітнеючай Беларусі, так і аб дабрабыце кожнага з нас.
Мне як галоўнаму ўрачу раённай бальніцы было прыемна пачуць ад кіраўніка дзяржавы словы падзякі медыцынскім работнікам за самаахвярную працу ва ўмовах пандэміі. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што 2020 год увойдзе ў гісторыю як год мужнасці беларускіх медыкаў.
Прэзідэнт вёў размову і аб планах па рэалізацыі праекта “Здаровая нацыя”, згодна з якім неабходна стварыць асаблівыя ўмовы для нашых грамадзян: гэта і крокавы доступ да медустаноў, і высокатэхналагічная медыцына ў рэгіёнах, і правядзенне дзён здароўя, і многае іншае. Лічу, што ўсё гэта будзе садзейнічаць захаванню здароўя беларусаў, арыентаваць іх на здаровае даўгалецце. Кіраўнік краіны адзначыў, што ўжо сёння ў Беларусі існуе якасная сістэма аховы здароўя, у якой працуюць сапраўдныя прафесіяналы. Такія словы натхняюць на далейшую плённую работу. Упэўнены, што разам мы зробім жыццё ў нашай краіне яшчэ лепшым.
Сяргей РАЙЧОНАК.