Станіслаў Стома сустрэўся з калектывам Шаркаўшчынскага РГС

Актуальное Общество

IMG_6141 (Копировать)Дэлегаты VI Усебеларускага народнага сходу, якія прынялі ўдзел у маштабным рэспубліканскім форуме ад Шаркаўшчынскага раёна, працягваюць праводзіць сустрэчы з працоўнымі калектывамі. Галоўны ўрач цэнтральнай раённай бальніцы Станіслаў Стома у пачатку тыдня наведаў калектыў раёна газазабеспячэння.
IMG_6130 (Копировать)— У рабоце VI Усебеларускага народнага сходу прынялі ўдзел 2,7 тысячы чалавек. Форум уразіў сваёй маштабнасцю. Ён з’яднаў прадстаўнікоў розных прафесій і ўзросту з усіх рэгіёнаў Беларусі, — паведаміў Станіслаў Тадэвушавіч. — Кожны мог выказацца. Сярод выступаючых было шмат моладзі, на якую ў нашай краіне ўскладзены вялікія надзеі. Тым больш, што асноўнымі прыярытэтамі развіцця рэспублікі вызначаны шчаслівая сям’я, моцныя рэгіёны, інтэлектуальна развітая краіна і дзяржава-партнёр. Сярод галоўных задач будучай пяцігодкі: забеспячэнне сацыяльнай стабільнасці ў грамадстве і рост дабрабыту грамадзян за кошт якаснага росту эканомікі, нарошчванне сацыяльнага капіталу, стварэнне камфортных умоў для жыцця, работы і самарэалізацыі.
Па-ранейшаму будзе ўмацоўвацца дэмаграфічны патэнцыял і здароўе насельніцтва. Палітыка дзяржавы будзе садзейнічаць эфектыўнай занятасці насельніцтва, устойліваму росту даходаў, умацаванню адраснасці сацыяльнай падтрымкі, павышэнню якасці адукацыі, раскрыццю культурнага патэнцыялу, стварэнню магчымасцей для развіцця і самарэалізацыі моладзі.
Як падкрэсліў у сваім выступленні Станіслаў Тадэвушавіч, рэгіянальная палітыка будзе накіравана на павышэнне прывабнасці для жыцця, работы і бізнеса тэрыторый, якія размяшчаюцца за межамі сталіцы і абласных цэнтраў. Будзе забяспечаны рознабаковы падыход да развіцця рэгіёнаў. Магутныя цэнтры будуць садзейнічаць паскоранаму развіццю прылеглых раёнаў. У адстаючых рэгіёнах акцэнт будзе зроблены на паглыбленні выкарыстання мясцовых рэсурсаў, на прыцягненні інвестыцый ў новую вытворчасць.
У частцы стварэння камфортнага і бяспечнага асяроддзя пражывання ў 2021—2025 гадах увага будзе акцэнтавана на падтрымцы індывідуальнага жылля сядзібнага тыпу з аб’ектамі інжынернай, транспартнай і сацыяльнай інфраструктуры.
— Прыярытэты, якія вызначылі на будучую пяцігодку, закранаюць усе слаі грамадства, людзей рознага ўзросту. У кожнага ёсць сям’я, дзеці. Таму для кожнага важна ўмацаванне сямейных каштоўнасцей. Усіх хвалююць пытанні сацыяльнай абароны, развіцця інфраструктуры. Тым, хто працуе, не абыякавыя пытанні аплаты, аховы працы. Усе гэтыя пытанні будуць у цэнтры ўвагі ў бліжэйшыя гады, — зазначыў у завяршэнні Станіслаў Стома.
Сяргей РАЙЧОНАК.