Фізкультура і спорт у пашане ў Лужкаўскай школе

Спорт

Лужкаўская СШ заўсёды славілася сваімі спартсменамі. Прадстаўнікі аграгарадка займаюць прызавыя месцы на раённых, абласных і рэспубліканскіх спаборніцтвах. Некаторыя вучні плануюць звязаць жыццё са спортам. Напрыклад, Аляксандр Стрыжонак прафесійна займаецца спартыўнай хадзьбой у вучылішчы алімпійскага рэзерву ў Наваполацку.
Анастасія Сыраватка (9 клас) захапляецца валейболам, удзельнічала ў раённых спаборніцтвах. Сапраўднай

Дыяна Шах

спартыўнай зоркай школы з’яўляецца дзевяцікласніца Дыяна Шах. Дыяна на рэспубліканскіх спаборніцтвах па лёгкай атлетыцы стала 5-й у спартыўнай хадзьбе. Удзельнічала жыхарка Лужкоў і ў міжнародных стартах. Дыяна Сідаровіч (9 клас) захапляецца валейболам і бегам. Сямікласнік Мікіта Жук заняў 2-е месца ў складзе футбольнай каманды на абласных спаборніцтвах сярод аграгарадкоў “Каласок”. Мікіта дэманструе добрыя вынікі ў штурханні ядра. Дзесяцікласнік Арцём Болдыш у складзе футбольнай каманды ўвайшоў у тройку прызёраў на абласных спаборніцтвах “Скураны мяч”. Увогуле, Арцём вядзе здаровы лад жыцця, актыўна займаецца гульнёвымі відамі спорту.
Дзесяцікласнік Аляксей Крыўко крыху не дацягнуў да перамогі — стаў трэцім — на абласных спаборніцтвах у штурханні ядра. Дзевяцікласнік Васілій Кашэль стаў пераможцам раённых спаборніцтваў па бегу, удзельнічаў у абласных стартах. Хлопец — у ліку пераможцаў абласных футбольных спаборніцтваў “Каласок”.
Сямікласнік Кірыл Гамановіч стаў пераможцам раённых спаборніцтваў “Снежны снайпер”, абараняў гонар раёна ў вобласці. Зараз Кірыл актыўна рыхтуецца да лыжных стартаў. Вучань 8-га класа Мікіта Калесніковіч аддае перавагу футболу. Яго аднакласнік Уладыслаў Жынь святкаваў перамогу ў “Снежным снайперы”, выступаў на “вобласці”.
Пяцікласнік Іван Зенкевіч заняў 1-е месца ў кіданні мячыка, добра выступіў на 300-метровай дыстанцыі.
Па словах настаўніка фізкультуры Сяргея Аляксандравіча Алексіна, вучні любяць фізкультуру і спорт. Дарэчы, многія спартсмены дэманструюць нядрэнныя вынікі ў вучобе. Прадстаўнікі Лужкоў асабліва моцныя ў футболе і лёгкай атлетыцы — яны ўваходзяць у склад раённых зборных. А гэта азначае, што фізкультура і спорт у аграгарадку ў вялікай пашане.
Аляксандр БАРЫЛА

Фота Марыны ЖАКАЎКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *