Шаркаўшчынскія афіцэры павіншавалі з юбілеем воіна-афганца Валянціна Кукліна

Патрыятычнае выхаванне

znakРаённыя арганізацыі грамадскіх аб’яднанняў “Беларускі саюз афіцэраў” і “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане” вядуць актыўную работу па патрыятычным выхаванні моладзі, прапагандзе здаровага ладу жыцця. Яны з’яўляюцца пастаяннымі ўдзельнікамі шматлікіх акцый і культурна-масавых мерапрыемстваў. Былыя воіны-інтэрнацыяналісты, афіцэры запасу і кадравага складу заўсёды аказваюць падтрымку сваім сябрам, саслужыўцам.
Ніколі не забываюць афіцэры пра свайго старэйшага таварыша, падпалкоўніка ў адстаўцы, воіна-афганца, былога камісара Шаркаўшчынскага раённага ваеннага камісарыята Валянціна Кукліна. Яны аказваюць падтрымку сям’і паважанага ў грамадстве чалавека, заўсёды цікавяцца станам здароўя Валянціна Міхайлавіча, прыходзяць да свайго сябра ў госці.
Чарговай нагодай для візіту стаў юбілейны дзень нараджэння. У апошні дзень зімы, 28 лютага, Валянцін Міхайлавіч сустрэў сваё 70-годдзе.
Старшыня раённай арганізацыі ГА “Беларускі саюз афіцэраў” Валерый Ан, яго намеснік Раман Більдзюга, старшыня раённай арганізацыі ГА “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане” Васілій Протас і намеснік ваеннага камісара па тэрытарыяльнай абароне ваеннага камісарыята Глыбоцкага і Шаркаўшчынскага раёнаў Андрэй Каштальян з падарункамі, словамі віншаванняў і найлепшых пажаданняў завіталі ў госці ва ўтульны дом, у якім жывуць Валянцін Міхайлавіч са сваёй спадарожніцай жыцця — жонкай Надзеяй Фёдараўнай.
Выпіска з загаду ад 26 снежня 1979 года № 359: “…26 декабря 1979 года часть в полном составе прибыла на территорию Республики Афганистан. В том числе: капитан, заместитель командира батальона по политической части Куклин Валентин Михайлович…”. Так пачалася неаб’яўленая афганская вайна для гвардыі капітана Кукліна.
— Перадыслакацыя асабовага і афіцэрскага складу для нас не была нечаканасцю, — успамінае Валянцін Міхайлавіч. — За паўгода да пачатку афганскай кампаніі нас, афіцэраў, ужо камандзіравалі ў гэтую рэспубліку для азнаямлення і вывучэння мясцовасці.
За час службы ў паўднёвай краіне давялося пабываць у шматлікіх яе гарадах, кішлаках, удзельнічаць у баявых аперацыях. Невыносная спякота, пастаянная смага і недахоп вады адмоўна адбіваліся на фізічным стане арганізма. Маладому папаўненню забаранялася прымаць удзел у ваенных дзеяннях на працягу першых трох—чатырох месяцаў.
За больш чым два гады, што аддаў я службе ў Афганістане, на вачах гінулі таварышы, саслужыўцы. На паўтаракіламетровай вышыні душманамі быў збіты наш ваенна-транспартны “ІЛ-76”, на борце якога знаходзіліся два запраўленыя бензавозы і ажно 49 ваеннаслужачых і членаў экіпажа.
Складана і вельмі горка былым воінам-афганцам ўспамінаць той час, які незагойнай ранай палае ў іх сэрцах, прыходзіць і сёння ў трывожных снах. Гэта нельга забыць і выкрэсліць з памяці. Гэта — назаўсёды.
Валерый Інакенцьевіч уручыў Валянціну Кукліну памятны каштоўны падарунак, грамату раённай арганізацыі ГА “Беларускі саюз афіцэраў”. Дарэчы, 15 год назад менавіта Валянцін Міхайлавіч стаяў ля вытокаў стварэння гэтага аб’яднання ў Шаркаўшчыне і быў яго першым старшынёй. Прыклаў шмат намаганняў, каб афіцэрскае братэрства было непарушным.
Надзея Фёдараўна падзякавала гасцям, што не забываюць Валянціна Міхайлавіча, заўсёды дапамагаюць сям’і воіна-афганца спраўляцца з жыццёвымі цяжкасцямі і перашкодамі.
Сяргей РАЙЧОНАК.