“Мая жывая крыніца” — творчая сустрэча з паэткай Надзеяй Вайцюль

Культура

025 (Копировать)“Мая жывая крыніца” — пад такой назвай 19 лютага ў дзіцячай бібліятэцы адбылася сустрэча дырэктара Каўшэлеўскага Дома фальклору, кіраўніка народнага гурта “Купалінка”, удзельніцы народнага літаратурна-музычнага аб’яднання “Світанак” Надзеі Вайцюль з вучнямі 9 “А” класа сярэдняй школы № 1. Прымеркавана яна была да Дня роднай мовы і Года народнага адзінства.
Вядучая мерапрыемства — бібліятэкар дзіцячай бібліятэкі Людміла Казіцкая адзначыла, што сустрэча з цікавым чалавекам — гэта заўсёды падзея. А сустрэча з паэтам — гэта незабыўныя ўражанні, стымул для разваг, магчымасць дакрануцца да таямніц паэзіі, загадкі якой заўсёды хвалявалі і хвалююць неабыякавых людзей.
Падчас творчай сустрэчы юнакі і дзяўчаты з цікавасцю слухалі Надзею Вайцюль, якая расказала пра свае родныя мясціны, сябе. Вершы піша яна на рускай і беларускай мовах і друкуецца пад творчым псеўданімам Надзея Вішнявец. Удзельнікі сустрэчы пачулі ў гэты вечар іх нямала: пра каханне і сяброўства, пра школьныя гады, пра вернасць і шчасце, любові да Радзімы, прыгажосць прыроды.
Надзея Вайцюль павіншавала ўсіх прысутных дзяўчынак і жанчын з набліжаючымся святам 8 Сакавіка. А каб хлопчыкі не пакрыўдзіліся, прачытала свой верш, прысвечаны мужчынам, і павіншавала іх з Днём абаронцаў Айчыны.
Прыемна, што мы жывём побач з такімі таленавітымі людзьмі і маем магчымасць атрымаць асалоду ад іх творчасці.
Алена АНАНІЧ.