Удзельнік VІ Усебеларускага народнага сходу Уладзімір Шпец правёў сустрэчу з жыхарамі аграгарадка Буеўшчына

Актуальное Общество

IMG_6171 (Копировать)Дэлегаты ад Шаркаўшчынскага раёна — удзельнікі VІ Усебеларускага народнага сходу — працягваюць праводзіць сустрэчы ў працоўных калектывах і па месцы жыхарства. Сустрэчу з жыхарамі аграгарадка Буеўшчына правёў старшыня раённага Савета дэпутатаў Уладзімір Шпец.
Уладзімір Серафімавіч паведаміў прысутным пра станоўчыя зрухі ў сацыяльна-эканамічным развіцці нашай краіны, якіх мы змаглі дасягнуць за мінулыя гады. Старшыня раённага Савета дэпутатаў акцэнтаваў увагу на тым, што галоўнымі дасягненнямі краіны з’яўляюцца рост працягласці жыцця насельніцтва (сярэдняя працягласць жыцця па краіне складае 74 гады і 5 месяцаў), захаванне бяспекі і суверэнітэту рэспублікі.
— 11 і 12 лютага былі асабліва хвалюючымі, але разам з тым карыснымі ў плане атрымання інфармацыі, — сказаў Уладзімір Серафімавіч. — Выступленне Прэзідэнта было ўсебаковым. Аляксандр Рыгоравіч даў адказы на ўсе актуальныя пытанні, якія абмяркоўвае сёння беларускае грамадства, гаварыў пра любоў да Радзімы, неабходнасць абараняць яе ад ворагаў, пра важнасць патрыятычнага выхавання моладзі.
У краіне нямала робіцца для камфортнага жыцця нашых людзей, для паляпшэння іх здароўя. Таму мы павінны быць разам і ўпэўнена крочыць да адзінай мэты. А гэта — незалежная і квітнеючая Беларусь.
У другой частцы сустрэчы Уладзімір Серафімавіч выслухаў пытанні і праблемы з якімі сутыкаюцца сёння жыхары аграгарадка Буеўшчына і навакольных вёсак. Мясцовых жыхароў непакоіць тое, што на працягу доўгага часу ў Буеўшчыне зачынены дзяржаўны магазін. Прадавец па стане здароўя цяпер не можа працаваць. Не кожны з вяскоўцаў можа ў вызначаны час трапіць да аўтакрамы, каб зрабіць пакупкі.
Шмат нараканняў жыхары аддаленых населеных пунктаў выказалі на стан гравійных дарог у напрамку ад цэнтральнай шашы ў бок аграгарадка Шыці, вёсак Снегі і Волкаўшчына. Грэйдзіруюць іх вельмі рэдка, а правядзенне дадзенага віду работ не адпавядае патрабаванням бяспечнага руху транспарту, асабліва легкавых аўтамабіляў.
Прысутныя выказвалі свае заўвагі пра адсутнасць магчымасці нарыхтоўкі дроў у Іёдскім лясніцтве. Па пэўных прычынах (пра якія мясцовыя жыхары нічога не ведаюць) лясніцтва не адводзіць насельніцтву ўчасткі лесу пад нарыхтоўку драўніны. Маўляў, такім правілам кіруецца Нацыянальны парк “Браслаўскія азёры”, у чыім падпарадкаванні знаходзіцца мясцовае лясніцтва.
З даўніх часоў вясковыя жыхары трымаюць на сваім уласным падворку жывёлу, каб мець дадатковы фінансавы прыбытак. Але апошнім часам людзі не атрымліваюць грошы за здадзенае малако ад Глыбоцкага малочна-кансервавага камбіната. Індывідуальныя прадпрымальнікі, якія ажыццяўляюць закуп малака ад насельніцтва, наогул не атрымлівалі грашовую выручку з верасня мінулага года. Несвоечасова разлічваецца Глыбоцкі МКК за здадзеную прадукцыю і з мясцовым сельгаспрадпрыемствам. Дадзеная сітуацыя ўскладняецца яшчэ і тым, што людзі, якія працуюць у ААТ “Буеўшчына”, заработную плату атрымліваюць часткамі і з затрымкай.
Уладзімір Серафімавіч Шпец паабяцаў дэталёва разабрацца па кожнай узнятай праблеме. Сёння асабліва важна, каб правы кожнага чалавека, які працуе дзеля дабрабыту краіны, сваёй малой радзімы, не парушаліся, а сам ён заўсёды меў магчымасць атрымаць заробленыя грошы, мог карыстацца тымі магчымасцямі, што прадастаўляе для яго дзяржава.
Сяргей РАЙЧОНАК.

IMG_6174 (Копировать) IMG_6179 (Копировать)