З 10 сакавіка ў гаспадарках і арганізацыях раёна пачаў праводзіцца тэхнічны агляд тэхнікі

Сельское хозяйство

Належным чынам падрыхтаваў свой трактар механізатар ААТ “Ельня-Агра” Яўгеній Арэх
Належным чынам падрыхтаваў свой трактар механізатар ААТ “Ельня-Агра” Яўгеній Арэх

З 10 сакавіка ў гаспадарках і арганізацыях раёна праходзіць тэхнічны агляд трактароў, меліярацыйных, дарожна-будаўнічых і сельскагаспадарчых машын з мэтай вызначэння стану машынна-трактарнага парка, наяўнасці ў механізатараў адпаведных пасведчанняў і забеспячэння бяспекі дарожнага руху.
У першы дзень правядзення тэхнічнага агляду мы разам з галоўным дзяржаўным інжынерам-інспектарам Дзяржтэхнагляду Васіліем Лутохіным пабывалі ў адкрытым акцыянерным таварыстве “Княж”.
Трактарны парк ААТ “Княж” налічвае 27 адзінак трактароў. На пляцоўцы механічных майстэрняў у Германавічах на лінейку гатоўнасці інжынерная служба сумесна з механізатарамі паставілі 15 адзінак трактароў розных марак. Васілій Севяр’янавіч спачатку праверыў дакументы ў механізатараў, пасля — на тэхніку, якую прадставілі на тэхагляд. Праверка знешняга выгляду машын — стандартны працэс, які праводзіцца ў адпаведнасці з усімі нормамі і правіламі. Тэхніка павінна адпавядаць мінімуму патрабаванняў: мець спраўныя гукавую і светлавую сігналізацыі, рулявое кіраванне, блакіровачнае прыстасаванне запуску рухавіка пры ўключанай перадачы, тармазную сістэму, павінна быць у наяўнасці медыцынская аптэчка і вогнетушыцель.
— Нам цалкам зразумела, што гаспадаркі маюць пэўныя цяжкасці, звязаныя з недахопам фінансавых сродкаў на набыццё запасных частак, таму мы не акцэнтуем увагу на некаторых дробязях, — кажа Васілій Лутохін. — Але калі гаварыць пра бяспеку, эфектыўнасць працы і беражлівыя адносіны да тэхнікі, тут усё павінна адпавядаць існуючым патрабаванням.

тэхніка на лінейцы гатоўнасці ў ААТ “Княж”
тэхніка на лінейцы гатоўнасці ў ААТ “Княж”

У першы дзень праходжання тэхнічнага агляду ў ААТ “Княж” адпаведны дазвол на ўдзел у дарожным руху атрымалі 55 працэнтаў трактароў.
— Гэта нядрэнны паказчык для дадзенага сельгаспрадпрыемства, дзе сумленна і па-гаспадарску адносяцца да сваіх службовых абавязкаў кіраўніцтва і механізатары гаспадаркі, — працягвае Васілій Севяр’янавіч. — Галоўным інжынерам першы год тут працуе Вадзім Раткевіч, але, нягледзячы на невялікі стаж работы, ён паспяхова спраўляецца з работай, рэагуе на пэўныя заўвагі, своечасова выпраўляе памылкі.
У той жа дзень мы наведалі ААТ “Ельня-Агра”. Недахоп механізатарскіх кадраў адчуваецца ў гэтай гаспадарцы. Тут за адным трактарыстам замацаваны па дзве-тры адзінкі тэхнікі. І гэта акалічнасць насцярожвае. Наперадзе адказная пара для аграрыяў — вясенняя пасяўная. Як вядома, каб быць з хлебам, сяўбу трэба правесці ў самыя аптымальныя тэрміны. Але ж як гэта зрабіць, калі не хапае рабочых рук? Дадзенае пытанне ў ААТ “Ельня-Агра” па меры магчымасці вырашаюць дзякуючы механізатарам, якія ўжо знаходзяцца на заслужаным адпачынку, — яны заўсёды прыходзяць на дапамогу сельгаспрадпрыемству.
На лінейку гатоўнасці ў вёсцы Зорка паставілі 11 трактароў. Усе яны без перашкод прайшлі тэхнічны агляд. А ўсё таму, што кожны механізатар зацікаўлены ў станоўчых выніках сваёй працы. Напрыклад, Яўгеній Арэх працуе на энерганасычаным трактары “Беларус” МТЗ-3022. Яго “сталёваму каню” 15 год. Мужчына як след падрыхтаваў сваю машыну да тэхнічнага агляду і без заўваг атрымаў з рук інжынера-інспектара дазвол да ўдзелу ў дарожным руху. 46 працэнтаў ад агульнай колькасці трактароў прайшлі тэхнічны агляд 10 сакавіка.
— У бліжэйшыя дні і астатнюю тэхніку давядзём да ладу і паставім на лінейку гатоўнасці, — запэўнілі дырэктар гаспадаркі Міхаіл Якімовіч і выконваючы абавязкі галоўнага інжынера Андрэй Мацкевіч.
У наступных нумарах раённай газеты мы паведамім чытачам пра ход тэхнічнага агляду ў іншых гаспадарках раёна.
Сяргей РАЙЧОНАК.