У час свайго чарговага рабочага візіту ў Шаркаўшчынскі раён, які адбыўся 12 сакавіка, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Павел Сільчонак сустрэўся з калектывамі камбіната бытавога абслугоўвання, а таксама Іёдскай дзіцячы сад—сярэдняй школы.
Дэпутат падрабязна расказаў аб законапраектах, якія ў цяперашні момант разглядаюцца ў парламенце. Паведаміў пра законатворчую дзейнасць, якой займаюцца парламентарыі. Павел Мацвеевіч таксама данёс да прысутных інфармацыю пра ход правядзення VI Усебеларускага народнага сходу, яго вынікі, асноўныя накірункі развіцця краіны на бліжэйшую пяцігодку.
— На сходзе было закранута шмат розных тэм, якія маюць дачыненне да кожнага беларуса, да кожнай сям’і. Шмат было агучана пытанняў аб падтрымцы сем’яў з дзецьмі, дэмаграфічнай бяспецы, развіцці культуры, медыцыны і адукацыі. Здаецца, не засталося ніводнай тэмы, якую б не закрануў Прэзідэнт. Асноўная задача на сённяшні дзень — не згубіць тое, што зроблена за чвэрць стагоддзя. Сёння будучыня нашай краіны, як ніколі, залежыць ад кожнага з нас. Не на словах, а на справе, — падкрэсліў Павел Мацвеевіч.
Сяргей РАЙЧОНАК.




