Былому галоўнаму ўрачу Шаркаўшчынскай бальніцы Фадзею Уладзіміравічу Пячонку споўнілася 75 гадоў

Актуальное

юбіляр Фадзей Уладзіміравіч з жонкай Яўгеніяй Купрыянаўнай і гасцямі

Фадзей Уладзіміравіч Пячонка нарадзіўся ў вёсцы Якубова, што за Навасельцамі, вучыўся ў Гуркаўскай і Шаркаўшчынскай школах. З аднымі пяцёркамі ў атэстаце ён без праблем паступіў у Віцебскі медыцынскі інстытут. А калі ў 1962 годзе закончыў вучобу, то вярнуўся на радзіму. У Шаркаўшчынскай бальніцы працаваў спачатку тэрапеўтам, потым загадчыкам тэрапеўтычнага аддзялення, намеснікам галоўнага ўрача, а з 1973 па 1995 гады займаў адказную пасаду галоўнага ўрача. Застаўся ў бальніцы і пасля выхаду на пенсію ў 1997 годзе, яшчэ болей за 5 гадоў працаваў урачом-фтызіятарам. За гэтымі кароткімі радкамі цэлае жыццё, больш за 40 гадоў якога  прысвечана высакароднай прафесіі медыка, тысячы пацыентаў, мноства клопатаў, арганізацыйных спраў і праблем, да рашэння якіх абавязвала пасада галоўнага ўрача. Поруч з Фадзеям Уладзіміравічам і ў жыцці, і ў рабоце заўсёды ішла жонка Яўгенія Купрыянаўна, у якой таксама была медыцынская прафесія — яна працавала медсястрой.

цяперашні галоўны ўрач віншуе былога

21 лістапада Фадзею Уладзіміравічу споўнілася 75 гадоў. Павіншаваць юбіляра завітаў галоўны ўрач УАЗ «Шаркаўшчынская ЦРБ» Станіслаў Тадэвушавіч Стома. Сімвалічным выглядаў поціск рук былога і цяперашняга галоўных урачоў Шаркаўшчынскай бальніцы. Прайшоў час, і ўмовы работы медыкаў змяніліся: павялічылася колькасць персаналу, з’яўляецца сучаснае абсталяванне. Ну і, вядома, у жыцці раёна сёлета адбылася радасная падзея — адкрыццё новай бальніцы, на экскурсію у якую і запрасіў Станіслаў Тадэвушавіч Фадзея Уладзіміравіча.
Начальнік аддзела ідэалагічнай работы райвыканкама Людміла Уладзіміраўна Стома павіншавала юбіляра ад імя раённай улады. Сярод гасцей былі і тыя, з кім працаваў Фадзей Уладзіміравіч — Вольга Паісьеўна Крысікава, Мая Мікалаеўна Пяцько, Леаніда Аляксандраўна Грыцкевіч. А вось адзіны сын Андрэй жыве на Украіне, таму прыехаць павіншаваць бацьку не атрымалася. Нядаўна ў сям’і Андрэя адбылося прыбаўленне — да ўжо дарослых ўнукаў Андрэя і Вікі далучылася маленькая Дана, якой ужо годзік і два месяцы. Сярод пажаданняў у гэты дзень прагучала наступнае: трэба юбіляру абавязкова дачакацца і пагуляць на вяселлі Даны. А мы да гэтага пажадання далучаемся. Здароўя і доўгіх гадоў жыцця, Фадзей Уладзіміравіч!
Андрэй БУРЭЦ.
Фота Марыны ЖАКАЎКА.



1 комментарий по теме “Былому галоўнаму ўрачу Шаркаўшчынскай бальніцы Фадзею Уладзіміравічу Пячонку споўнілася 75 гадоў

  1. Дарагі Фадзей!

    Сардэчна віншую цябе з юбілеем! Жадаю моцнага здароўя, доўгіх гадоў жыцця, сямейнага шчасця!

    Твая аднакласніца Маргарыта Бегер (Бука)

    Далучаюся з пажаданнямі да сястры.

    Вячаслаў Бука

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *