Па патрабаванні прафсаюзаў работнікам вернута больш за 4 мільёны 800 тысяч рублёў

Прафсаюзы

333Гаворка ў дадзеным выпадку ідзе аб сродках, якія ў мінулым годзе былі незаконна ўтрыманы або не выплачаны наймальнікамі работнікам.
“Адны з самых частых зваротаў у прафсаюзы звязаны з пытаннямі няпоўнага разліку, няправільнага змяншэння заработнай платы і іншых выплат (кампенсацый, матэрыяльнай дапамогі) у адпаведнасці з заканадаўствам аб працы і калектыўных дагаворах, — адзначылі ў ФПБ. — Так, напрыклад, работнікі адной з арганізацый Магілёўскай вобласці звярнуліся ў прафсаюз з пытаннем аб выплаце работнікам, якія дасягнулі пенсійнага ўзросту, выхадной грашовай дапамогі пры звальненні, прадугледжанай калектыўным дагаворам арганізацыі. Прафсаюзны юрыст вывучыў дакументы і выдаў наймальніку рэкамендацыю аб неабходнасці захавання норм дзеючага калектыўнага дагавора. У выніку наймальнік выплаціў работнікам выхадную грашовую дапамогу ў суме больш 210 тысяч рублёў. Акрамя таго, даволі часта наймальнікі прымаюць неправамерныя рашэнні аб змяншэнні прэмій работнікам. Так, работніцы аднаго з прадпрыемстваў Гомеля наймальнік зменшыў памер прэміі на 50 працэнтаў, кіруючыся тым, што жанчына прадаставіла недакладную інфармацыю. У судзе прафсаюзны юрыст даказаў, што дадзенае рашэнне незаконнае, паколькі ў час, указаны наймальнікам, работніца знаходзілася ў працоўным водпуску”, — расказалі ў прэс-службе ФПБ.
Таксама ёсць выпадкі, калі наймальнік на працягу доўгага часу няправільна разлічвае памер заработнай платы работнікам. Высвятляецца гэта, як правіла, пры праверках і маніторынгах, якія праводзяць прафсаюзы. У выніку выдадзеных прафсаюзнымі юрыстамі прадпісанняў і рэкамендацый адбываецца пераразлік заработнай платы за ўвесь час, калі заработная плата была налічана памылкова.
Самыя буйныя грашовыя сумы, вернутыя работнікам, звязаныя з выпадкамі спагнання аднаразовай матэрыяльнай дапамогі ў сувязі з траўмамі на вытворчасці, стратай дзеяздольнасці. Падставай для спагнання кампенсацыі ў такіх выпадках з’яўляюцца нормы калектыўнага дагавора. Напрыклад, на карысць двух былых работнікаў сельгасарганізацыі Слуцка на такой падставе было вернута звыш 90 і 77 тысяч рублёў кожнаму.
Падрыхтаваў Сяргей РАЙЧОНАК.