Прафарыентацыя: Прадстаўнікі навучальных устаноў краіны сустрэліся з шаркаўшчынскімі выпускнікамі

Молодежь

выступае намеснік генеральнага дырэктара ААТ “Глыбоцкі малочна-кансервавы камбінат” Сяргей Кандзерскі
выступае намеснік генеральнага дырэктара ААТ “Глыбоцкі малочна-кансервавы камбінат” Сяргей Кандзерскі

У сярэдзіне сакавіка ў глядзельнай зале раённага Цэнтра культуры прайшоў штогадовы злёт будучых выпускнікоў школ. На сустрэчу з вучнямі дзявятых і адзінаццатых класаў прыехалі прадстаўнікі навучальных устаноў краіны: Беларускага аграрнага тэхнічнага ўніверсітэта, Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі, Віцебскай дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны, Аршанскага дзяржаўнага аграрнага каледжа, Полацкага каледжа ВДУ імя Машэрава, Пастаўскага дзяржаўнага каледжа, Полацкага дзяржаўнага ляснога каледжа, Глыбоцкага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя, Відзаўскага дзяржаўнага прафесіянальна-тэхнічнага каледжа. На сустрэчы таксама прысутнічалі прадстаўнікі адміністрацыі ААТ “Глыбоцкі малочна-кансервавы камбінат”.
Да прысутных звярнулася начальнік арганізацыйна-кадравага аддзела райвыканкама Валянціна Клімза. У прыватнасці, яна паведаміла, што ў 2020—2021 навучальным годзе базавую адукацыю атрымаюць 118 юнакоў і дзяўчат, 85 вучняў займаюцца ў 11 класах. Для іх вельмі важна вызначыць, якую адукацыю і спецыяльнасць кожны з іх атрымае ў той або іншай навучальнай установе ў будучым.
— У раёне на сённяшні дзень патрабуюцца кваліфікаваныя спецыялісты для працы ў сельскай гаспадарцы і іншых сферах, — зазначыў у час выступлення намеснік старшыні райвыканкама Юрый Васілеўскі. — Мы зацікаўлены, каб сённяшнія выпускнікі школ, атрымаўшы адпаведную адукацыю ў шматлікіх навучальных установах краіны, вярнуліся ў родныя мясціны дыпламаванымі спецыялістамі і кваліфікаванымі работнікамі. Дзеля такіх мэт і праводзіцца злёт выпускнікоў.
Прадстаўнік кожнай навучальнай установы атрымаў слова, каб як мага даступней і цікавей расказаць пра яе. Выступоўцы пры гэтым выкарыстоўвалі відэафільмы, паказвалі слайд-прэзентацыі. Кожны з іх прывёз з сабою маляўнічыя буклеты і праспекты, у якіх даецца падрабязная інфармацыя пра дзейнасць устаноў адукацыі. Напрыканцы мерапрыемства некаторыя вучні скарысталі выдатную магчымасць у прыватнай гутарцы з выкладчыкамі навучальных устаноў атрымаць карысную і патрэбную інфармацыю.
Сяргей РАЙЧОНАК.