Лаўрэатка ганаровага звання “Чалавек года Шаркаўшчыны—2020” Алена Фромертас расказала ў інтэрв’ю пра сябе, сваю работу і падзялілася ўражаннямі ад урачыстай цырымоніі

Культура Общество

461 (Копировать)Ці шмат прафесій можна назваць жаночымі? Нямала. А што азначае “жаночая прафесія”? І чаму так склалася, што менавіта жанчыны звязаныя з той або іншай дзейнасцю? Чым жывуць гэтыя жанчыны і якія яны па-за працай? Каб даведацца пра гэта, мы сустрэліся з дырэктарам Шаркаўшчынскай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Аленай Фромертас. Наша суразмоўца была адзначана ў намінацыі “Культура і мастацтва, фізічная культура, спорт і турызм” на раённай урачыстасці, якая прайшла 19 сакавіка і была прысвечана ўшанаванню лаўрэатаў ганаровага звання “Чалавек года Шаркаўшчыны”.
Камунікабельная, ветлівая, тактоўная — гэтыя якасці з’яўляюцца галоўнымі штрыхамі ў партрэце Алены Цімафееўны. Але ж не так проста знаходзіць агульную мову з людзьмі рознага ўзросту, сацыяльнага статусу. Галоўная задача, якая стаіць перад спецыялістам бібліятэкі, — працаваць так, каб наведвальнікам было камфортна ў яе сценах, каб ім хацелася вяртацца сюды зноў і зноў. Менавіта бібліятэкар часта становіцца правадніком у чароўны свет кніг.
— Алена Цімафееўна, чаму Вы абралі для сябе працу ў галіне культуры і, у прыватнасці, у бібліятэцы?
— Мяне заўсёды вабіла багатае на святы, культурна-масавыя мерапрыемствы жыццё работнікаў культуры. Таму, напэўна, я і выбрала працу менавіта ў гэтай сферы.
— Але, як нам вядома, Вы не адразу трапілі ў бібліятэчную сістэму. Так?
— Некаторы час я працавала сакратаром раённага арганізацыйна-метадычнага цэнтра аддзела культуры райвыканкама. А ў 2007 годзе стала бібліятэкарам дзіцячай бібліятэкі. Цэнтралізаваную бібліятэчную сістэму раёна ўзначальваю сем год. Без адрыву ад работы займалася на завочным аддзяленні факультэта інфармацыйных камунікацый Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў. Калектыў наш невялікі — 36 жанчын-бібліятэкараў у гарадскім пасёлку і раёне. Мужчыны ў нас працуюць толькі на рабочых спецыяльнасцях.
— Многія мяркуюць, што праца бібліятэкара складаецца толькі з выдачы кніг і перыядычных выданняў чытачам. Ці так гэта на самой справе?
— Гэта памылковае меркаванне. Мы таксама праводзім разнастайныя літаратурныя выставы патрыятычнага, краязнаўчага, экалагічнага, адукацыйнага накірункаў. Актыўна займаемся пошукавай працай. Напрыклад, цэнтральная раённая бібліятэка ў 2019 годзе стала пераможцай рэспубліканскага конкурсу “Бібліятэка — асяродак нацыянальнай культуры”. Дзіцячая бібліятэка ў мінулым годзе заняла другое месца ў рэспубліканскім конкурсе “Бібліятэка — цэнтр духоўнай асветы і адукацыі”.
— Як асабіста Вы лічыце, ці ёсць будучыня ў кнігі, у друкаванага выдання?
— Безумоўна, ёсць. Нягледзячы на той факт, што ў наша жыццё ўсё мацней і хутчэй прыходзяць сучасныя лічбавыя тэхналогіі, кніга была і застаецца невычэрпнай крыніцай мудрасці і ведаў, дзякуючы якой чалавецтва жыве і развіваецца. Наогул, бібліятэчная сістэма таксама ідзе ў крок з часам. Напрыклад, бібліятэкі гарадскога пасёлка і раёна цалкам забяспечаны камп’ютарамі. Большасць з іх маюць выхад у Інтэрнэт. Нашы чытачы валодаюць магчымасцю знайсці патрэбную ім інфармацыю ў электронным варыянце.
— А па-за працай чым займаецеся ў вольны час? Якія маеце жыццёвыя захапленні?
— Вельмі люблю вырошчваць кветкі: пакаёвыя, вулічныя. Іх пах і рознакаляровыя фарбы пазітыўна ўздзейнічаюць на душэўны настрой. У свабодную хвіліну заўсёды бяру ў рукі цікавую кнігу. На працы няма часу чытаць, толькі дома. Штодзённа вядзём з дачкой Аняй тэлефонныя гутаркі на разнастайныя жыццёвыя тэмы. Яна жыве і працуе ў Мінску, толькі зрэдку бывае ў Шаркаўшчыне.
— Што Вы адчувалі, калі ва ўрачыстай атмасферы ўзнімаліся на сцэну для ўзнагароджвання?
— Я вельмі хвалявалася, бо атрымаць званне лаўрэата “Чалавек года Шаркаўшчыны” адначасова ганарова і, разам з тым, вельмі адказна. Удзячна кіраўніцтву раёна і асабіста старшыні райвыканкама Дзмітрыю Міхайлавічу Ламака за пільную ўвагу да нашай працы.
— Віншуем Вас, Алена Цімафееўна, з заслужанай узнагародай, жадаем моцнага здароўя, душэўнай цеплыні, шчаслівых момантаў і здзяйснення самых запаветных мар і жаданняў!
Сяргей РАЙЧОНАК.