А вершы ад шчырага сэрца
Зноў песняй над краем лунаюць,
Любоў да зямлі, да Айчыны
У душах людскіх праслаўляюць.
25 сакавіка ў аддзяленні дзённага знаходжання інвалідаў літаратурную гадзіну “Пісьменнікі роднага краю”, якую правяла бібліятэкар Ларыса Гракава. У мерапрыемстве таксама прымала ўдзел кіраўнік літаратурна-музычнага аб’яднання “Світанак” Ала Міхайлава.
У кожнага чалавека ёсць свая малая радзіма, тое месца, дзе ён з’явіўся на свет, вырас, дзе жыў і жыве яго народ са сваёй багатай гісторыяй. Для нас такім месцам з’яўляецца Шаркаўшчына, яе ваколіцы і вёскі прыдзісненскага краю. Дзякуючы нястомнай творчай працы мясцовых паэтаў і пісьменнікаў выдадзена шмат кніг, у якіх услаўляецца прырода родных маляўнічых мясцін, а таксама шаркаўчане.
Алла Міхайлава расказакала, як было створана народнае літаратурна-музычнае аб’яднанне, колькі ўдзельнікаў у яго уваходзіць, што іх натхняе. Напрыклад, пра што і пра каго ў сваіх творах піша Міледзій Кукуць. Назвала надрукаваныя кнігі пісьменніка: “Адзін дзень і ўсё жыццё”, “Сялянскі лёс”, “Чысціня душы”, “У палоне кахання”. Героі яго твораў — простыя вяскоўцы, руплівыя працаўнікі і сумленныя людзі.
Віктар Лагун ужо многа гадоў працуе галоўным інжынерам раёна электрычных сетак. Але ж ён прыявіў сябеі як таленавіты паэт. Яго першыя вершы прывабілі ўвагу аматараў паэзіі. Вершы гучаць стройна, мілагучна. Дарэчы, ён з сапраўднай паэтычнасцю і цеплынёй апявае працу сваіх калег. Добра адчувае прыроду беларускага гумару і ўмела карыстаецца вострым словам. Яго кнігі паэзіі — “Ракурс”, “На палатне жыцця”.
Слухачам было цікава даведацца і пра Віктара Праўдзіна. Нарадзіўся ён у горадзе Ліда. У маленстве бацькі пераехалі ў вёску Лужкі. Пасля ж сям’я Праўдзіных жыла ў Шаркаўшчыне. Віктар скончыў тут мясцовую сярэднюю школу. Атрымаўшы адукацыю, пэўны час працаваў у раённым аддзеле ўнутраных спраў. Таму шаркаўчане для Віктара Аляксандравіча зусім не чужыя людзі. Тут у пісьменніка шмат родных і блізкіх людзей, аднакласнікаў, сяброў дзяцінства і былых калег. Віктар Аляксандравіч часта наведвае нашы мясціны. А летам жыве на хутары Панфілаўшчына (каля вёскі Савуткі) Глыбоцкага раёна. Многія свае творы пісьменнік прысвяціў шаркаўчанам, родным маляўнічым мясцінам, падзеям, якія тут калісьці адбываліся.
Удзельнікі “Світанка” — людзі вельмі розныя, нехта не толькі піша вершы, апавяданні, дзіцячыя творы, гумарэскі, але займаецца рукадзеллем: вяжа, вышывае, малюе, робіць фотоздымкі, спявае, танцуе. Усіх удзельнікаў аб’ядноўвае адно — любоў да творчасці. У кожнага з іх цудоўным чынам спалучаюцца паэтычны дар і прафесійны абавязак. Варта адзначыць, што кожны паўстае перад глядачамі ў сваім толькі яму ўласцівым вобразе.
У канцы мерапрыемства загадчык аддзялення Таццяна Клімза выказала ўдзячнасць Але Міхайлавай і Ларысе Гракавай і пажадала ім творчых поспехаў і моцнага здароў’я.
Алена АНАНІЧ.