На календары пачатак красавіка. Насуперак капрызам надвор’я вясна пакрысе ўступае ў свае правы. Калі ў мінулым годзе пасяўная кампанія ў нашым раёне пачалася 27 сакавіка, то сёлета гаспадаркі раёна яшчэ не маюць магчымасці з-за кліматычных умоў вывесці тэхніку ў поле. Пра гатоўнасць сельгаспрадпрыемстваў раёна да вясенне-палявых работ мы пагутарылі з начальнікам аддзела арганізацыі сельскагаспадарчай вытворчасці ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Валерыем Катовічам.
— Валерый Аркадзьевіч, раскажыце, калі ласка, пра гатоўнасць гаспадарак раёна да вясенняй пасяўной кампаніі.
— Сёлета трэба зрабіць значны аб’ём работ. План яравой сяўбы па раёне складае 17963 гектары. У тым ліку зерневых культур — 8152 гектары, зернебабовых — 1800 га, кукуруза на сілас зойме плошчу 3800 га, на зерне — 500 га, рапсу трэба пасеяць 2000 га, па 10 гектар бульбы і грэчкі, аднагадовыя травы будуць пасеяны на плошчы 4001 га. Структура пасяўных плошчаў сфарміравана ў адпаведнасці са спецыялізацыяй сельгасвытворчасці раёна.
— Ці ў дастатковай колькасці гаспадаркі маюць насенны матэрыял?
— Усе сельгаспрадпрыемствы раёна, акрамя ААТ “Даватарскі”, маюць насенне зерневых і зернебабовых культур пад поўную патрэбнасць. Рэпрадукцыйны склад зерневых і зернебабовых культур прадстаўлены насеннем ад суперэліты да масавай рэпрадукцыі. Для паляпшэння рэпрадукцыйнага складу насеннага фонду будзе закуплена 125 тон эліты. План засыпкі рапсу складае 14 тон. У гаспадарках маецца 8,6 тоны насення гэтай культуры. На дадатковую колькасць насення рапсу пададзена заяўка ў ААТ “Віцебскі МЭЗ”.
— Якая ў сельгаспрадпрыемствах забяспечанасць удабрэннямі?
— У апошнія гады сродкі аховы раслін набываліся толькі за ўласныя грошы гаспадарак. Аналагічная сітуацыя і ў гэтым годзе. Для іх закупкі патрэбны 2,4 мільёна рублёў.
Важным рэзервам забеспячэння элементамі сілкавання раслін і паляпшэння ўрадлівасці глебы з’яўляюцца арганічныя ўгнаенні, асабліва пры недахопе мінеральных удабрэнняў. Пад яравую сяўбу плануецца ўнесці 210 тысяч тон арганічных угнаенняў.
Па стане на 25 сакавіка маецца ў наяўнасці 666 тон мінеральных удабрэнняў. У тым ліку азотных — 304 тоны, калійных — 362 тоны. Плануецца паступленне азотных удабрэнняў у колькасці 330 тон. Гэта дазволіць правесці падкормку на плошчы 10570 га.
— Наколькі машынна-трактарны парк гаспадарак падрыхтаваны да палявых работ?
— Прааналізаваўшы стан спраў па падрыхтоўцы сельгасарганізацый раёна да правядзення палявых работ, трэба сказаць, што ён у асобных гаспадарках нездавальняючы. На 25 сакавіка гатоўнасць тэхнікі была наступная: трактары — 90 працэнтаў, плугі — 88 працэнтаў, пасяўныя агрэгаты — 72 працэнты, глебаапрацоўчыя агрэгаты — 82 працэнты, культыватары — 83 працэнты, машыны для ўнясення мінеральных удабрэнняў і арганічных угнаенняў на 84 і 86 працэнтаў адпаведна, агрэгаты тыпу “Раса” і “Дзвіна” — на 83 працэнты.
— Ці існуе праблема з механізатарскімі кадрамі?
— Праблема, сапраўды, існуе, але яна вырашаецца дзякуючы дапамозе прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў, размешчаных на тэрыторыі раёна. Плануецца, што 16 механізатараў і вадзіцеляў грузавых аўтамабіляў дапамогуць аграрыям падчас пасяўной кампаніі.
Даць прагноз, якой будзе сёлетняя вясна, даволі складана. Тым не менш, спадзяёмся, што з усімі відамі работ сельгаспрадпрыемствы справяцца паспяхова і ў тэрмін.
— Дзякуй за гутарку.
Гутарыў Сяргей РАЙЧОНАК.