Лідар на старце пасяўной — ААТ “Жвіранка”

Сельское хозяйство

 Станіслаў Кубліцкі заняты на сяўбе аўса
Станіслаў Кубліцкі заняты на сяўбе аўса

Сёлетняя вясна не вельмі радуе аграрыяў. Канец сакавіка і пачатак красавіка не дазваляў працаўнікам сяла распачаць сяўбу яравых культур. Толькі цяпер, калі сонца дастаткова прагрэла зямлю, сейбіты вывелі тэхніку на палеткі.
Як і ў мінулыя гады, аднымі з першых у раёне пасяўную кампанію пачалі працаўнікі адкрытага акцыянернага таварыства “Жвіранка”. Землі тут у сваёй большасці пясчаныя, таму глеба прасыхае хутка. 13 красавіка мы наведалі гэта сельгаспрадпрыемства, каб на месцы азнаёміцца з ходам сельгасработ. Намеснік дырэктара гаспадаркі па ідэалагічнай рабоце Зінта Валюшкіна, якая яшчэ з’яўляецца загадчыкам склада гаручазмазачных матэрыялаў, афармляла дакументацыю на завезенае паліва.
— Толькі што прыйшоў бензавоз, трэба хуценька заправіць тэхніку, якая працуе на палетках, — растлумачыла Зінта Мікалаеўна. — Цяпер актыўна вядуцца палявыя работы, вясна прыспешвае.
У гэты ж час да запраўкі пад’ехаў дырэктар сельгаспрадпрыемства Пётр Ананька, каб вырашыць, якую тэхніку трэба заправіць дызельным палівам у першую чаргу. Мы і скарысталі магчымасць, каб крыху пагутарыць з кіраўніком гаспадаркі.
— Сяўбу сёлета мы пачалі 10 красавіка, — тлумачыць Пётр Спірыдонавіч. — За некалькі дзён да гэтага, як толькі дазволілі ўмовы надвор’я, падрыхтавалі глебу на вызначаных участках палёў. Работы ў нас праходзяць у комплексе: развозіцца арганіка, праходзіць веснавое ворыва, вядзём падкормку азімых культур КАСам, сяўбу аўса, зернебабовых і шматгадовых траў.
Сяўбой на дадзены момант займаюцца механізатары Станіслаў Кубліцкі на трактары “Беларус” МТЗ-1221 у счэпе з сеялкай СЗТ-5,4 і Алег Крышталевіч на трактары “Беларус” МТЗ-3022 у счэпе з пасяўным агрэгатам АПП-6А. Хутка да іх далучыцца Віктар Цімафееў. Сёлета механізатар атрымаў новы трактар “Беларус” МТЗ-3522. Віктар будзе працаваць на ім у счэпе з сеялкай “Амазон”. За руль аналагічнага “сталёвага каня” перасеў сёлета і Алег Андруковіч. Ён цяпер займаецца ворывам. Гэта вопытныя механізатары, якія якасна і ў тэрмін выконваюць сваю работу.
Са станоўчага боку зарэкамендавала сябе і моладзь. Напрыклад, Аляксандр Андруковіч. Малады хлопец з нядаўняга часу працуе на энерганасычаным трактары “Кіравец” К-744. Ён пасля заканчэння школы і набыцця пасведчання механізатара застаўся жыць і працаваць на сваёй малой радзіме.На сённяшні дзень Аляксандр займаецца культывацыяй глебы.

Малады трактарыст Дзмітрый Юрэнка
Малады трактарыст Дзмітрый Юрэнка

Дзмітрый Юрэнка таксама з маладых механізатараў. І хоць у яго трактар “Беларус” МТЗ-1221 далёка не новы, хлопец давёў яго да ладу і без праблем прайшоў тэхнічны агляд. Цяпер Дзмітрый займаецца падвозам насення да сеялак.
З самага пачатку палявых работ працуе і сталовая сельгаспрадпрыемства. Арганізавана двухразовае гарачае харчаванне на месцы і з дастаўкай па палях. Ніхто з механізатараў не скардзіцца на якасць прыгатаваных страў, бо работнікі сталовай рыхтуюць іх са свежых прадуктаў якасна і вельмі смачна. Яно і вядома, бо як падсілкуешся, так і папрацуеш.
Сяўбу аўса ва ўрочышчы Татароўшчына ў аддзяленні Каўшэлева вёў Станіслаў Кубліцкі. Калі паліва ў трактары заканчвалася, аператыўна прыехаў бензавоз, заправіў тэхніку, каб не губляць часу.
— Трактару майму ужо 19 год, а сеялцы 15, — з усмешкай кажа Станіслаў. — Цяжка паспяваць за тымі механізатарамі, якія працуюць на новых буйных пасяўных агрэгатах. Але я лічу, што тут галоўнае не хуткасць, а якасць сяўбы. У дзень засяваю прыкладна 20 гектараў. Упэўнены, што пасяўную кампанію мы правядзём у аптымальныя тэрміны.

Механізатары Уладзімір Гаўрылаў і Сяргей Хрол
Механізатары Уладзімір Гаўрылаў і Сяргей Хрол

Калі вярталіся ў рэдакцыю, на полі каля вёскі Казакі заўважылі трактар з цыстэрнай і агрэгат “Раса”, які ў той момант запраўляўся КАСам. Тут на падкормцы азімага рапсу працавалі механізатары Уладзімір Гаўрылаў і Сяргей Хрол. Цяпер важна своечасова правесці падкормку азімых, каб мець восенню добры ўраджай.

Сяргей РАЙЧОНАК.

IMG_6712 (Копировать) IMG_6718 (Копировать)