16 красавіка ў Браславе прайшло выязное пасяджэнне Шаркаўшчынскага раённага аб’яднання прафсаюзаў

Прафсаюзы

IMG_6791 (Копировать)З нядаўняга часу Віцебскае абласное аб’яднанне прафсаюзаў, якім цяпер кіруе Сяргей Аляксандравіч Догель, узяло на ўзбраенне правядзенне пасяджэнняў раённых аб’яднанняў прафсаюзаў у суседніх рэгіёнах. Робіцца гэта з той мэтай, каб як мага шырэй рэкламіраваць тыя аздараўленчыя паслугі, якія прапануюць жыхарам краіны турыстычныя базы, санаторыі, падначаленыя ФПБ.
16 красавіка Шаркаўшчынскае раённае аб’яднанне прафсаюзаў на чале са старшынёй арганізацыі Ігарам Малюгіным правяло выязное пасяджэнне савета ў турыстычна-аздараўленчым комплексе “Браслаўскія азёры”. Лідары галіновых прафсаюзаў, старшыні пярвічак (шаркаўшчынская дэлегацыя складалася больш чым з 40 чалавек), мелі цудоўную магчымасць азнаёміцца з паслугамі для насельніцтва, якія прапануе турбаза.
У першай, пленарнай частцы мерапрыемства, з дакладам аб рабоце Шаркаўшчынскага раённага аб’яднання прафсаюзаў перад прысутнымі выступіў Ігар Малюгін. У прыватнасці, ён закрануў пытанні выплаты заработнай платы, калектыўна-дагаворнай работы і іншыя. Паведаміў, што ў сярэдзіне мая ў раёне будзе працаваць рэйдавая група тэхнічных інспектараў працы. Таму цяпер вельмі важна яшчэ раз у арганізацыях і ўстановах перагледзець дакументацыю па ахове працы, пры неабходнасці прывесці яе ў належны стан.
Старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў выказаў словы ўдзячнасці ўсім, хто скарыстаў фінансавую магчымасць і накіраваў сваіх работнікаў на адпачынак у санаторыі ФПБ. Ігар Віктаравіч яшчэ раз звярнуўся да прысутных з просьбай аб падтрымцы беларускіх прафсаюзных санаторыяў, якія сёння перажываюць не лепшыя часы. Старшыням пярвічак у сваіх калектывах трэба весці больш прадметную работу па прыцягненні людзей у санаторыі. Калі няма магчымасці знаходзіцца ў санаторыі два тыдні, можна атрымаць пуцёўку на тыдзень або набыць тур выхаднога дня.
У час пасяджэння савета закранулі таксама пытанні аб выбранні некаторых старшынь пярвічных арганізацый, у якіх былыя лідары змянілі месца працы або месца жыхарства.
Затым да прысутных звярнуўся дырэктар турыстычнай базы “Браслаўскія азёры” Іван Бялусь. Кіраўнік установы падрабязна расказаў пра гісторыю і сённяшні дзень турыстычнай базы, падначаленай Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі.
Турыстычна-аздараўленчае прадпрыемства “Браслаўскія азёры” размяшчаецца ў 3 кіламетрах ад Браслава ў маляўнічым сасновым бары на беразе возера Дрывяты. Для адпачываючых прадастаўлены гасцінічныя нумары разнастайнай камфортнасці. Яны размяшчаюцца ў двухпавярховых карпусах і аднапавярховых драўляных доміках.
Аматарам экстрэмальнага адпачынку прадастаўляецца магчымасць пражывання ў палатачным гарадку на тэрыторыі турбазы. Да патрэб — трохразовае гарачае харчаванне. Для адпачынку маюцца альтанкі, месцы для пікнікоў, залы для більярду і настольнага тэнісу, вяровачны гарадок. Адпачываючыя рознага ўзросту маюць магчымасць патанчыць пад вясёлую музыку на дыскатэцы. А яшчэ тут ёсць цудоўная лазня, дзе можна ўдосталь папарыцца і набыць бадзёрасць духу. Немалаважнай акалічнасцю для паўнавартаснага адпачынку з’яўляецца наяўнасць пракату спартыўнага інвентару. Кіраўніцтва турбазы прадугледзела і гэта. За невялікі кошт тут можна карыстацца веласіпедамі, катамаранамі, мячыкамі і іншым.
Пасля дэталёвага знаёмства з турыстычнай базай і яе паслугамі, дэлегацыю нашага раёна чакаў наступны пункт праграмы. У заключнай частцы мерапрыемства нам прадаставілі магчымасць падрабязна азнаёміцца з самім горадам: яго славутымі мясцінамі, архітэктурай, помнікамі археалогіі.
Экскурсію праводзіла навуковы супрацоўнік Браслаўскага раённага аб’яднання музеяў Святлана Пінчура. Спачатку мы наведалі гарадзішча “Замкавая гара”. Менавіта з гэтай мясціны, якая размяшчаецца паміж азёрамі Дрывяты і Навяты, і пачаўся горад. Сваім гістарычным мінулым поўніцца і кожная вуліца гэтага раённага цэнтра. Шмат цікавых легендаў і паданняў пра тутэйшыя мясціны і іх жыхароў расказала нам экскурсавод.
Час, праведзены ў Браславе, прайшоў незаўважна. Кожны з нас вяртаўся ў Шаркаўшчыну са станоўчымі ўражаннямі ад убачанага, ад сяброўскіх зносін з цікавымі людзьмі.
Сяргей РАЙЧОНАК.

IMG_6729 (Копировать) IMG_6741 (Копировать) IMG_6742 (Копировать) IMG_6748 (Копировать) IMG_6760 (Копировать) IMG_6768 (Копировать) IMG_6774 (Копировать) IMG_6783 (Копировать) IMG_6804 (Копировать) IMG_6808 (Копировать) IMG_6809 (Копировать) IMG_6813 (Копировать) IMG_6820 (Копировать) IMG_6824 (Копировать) IMG_6827 (Копировать) IMG_6835 (Копировать) IMG_6836 (Копировать) IMG_6850 (Копировать) IMG_6857 (Копировать) IMG_6858 (Копировать)