У ААТ «Даватарскі» час не марнуюць (рэпартаж з пасяўной)

Сельское хозяйство

IMG_6978 (Копировать)Паспець у тэрмін — такую мэту перад сабой ставяць хлебаробы адкрытага акцыянернага таварыства “Даватарскі”. Сельгаспрадпрыемства вельмі вялікае, аб’ём сяўбы тут даволі значны і часу марнаваць нельга.
Сёлета па гаспадарцы запланавана правесці веснавое ворыва на 3195 гектарах. Загарнуць насенне зерневых і зернебабовых трэба на плошчы 1600 гектараў. Сваёй чаргі чакаюць палеткі, дзе будуць пасеяны яравы рапс, кукуруза, шматгадовыя травы і іншыя культуры.
У пачатку тыдня асноўная частка тэхнікі была сканцэнтравана ў аддзяленні № 2. На полі каля вёскі Астраўляне мы сустрэліся з начальнікам аддзялення Вячаславам Машнюком.
— Сяўбу пачалі 17 красавіка, як толькі дазволіла надвор’е, — кажа спецыяліст. — На дадзеным участку, плошча якога складае 60 гектараў, сеем зернебабовыя культуры. Складанасць у тым, што летась тут не было ўзнята зябліва. Пасля правядзення веснавога ворыва глеба хутка перасохла. Гэта, у сваю чаргу, патрабуе дадатковых матэрыяльных затрат для яе падрыхтоўкі пад сяўбу, тым больш, што зямля тут цяжкая — сугліністая. Сяўбу вядуць механізатары Іван Ермаловіч на трактары “Беларус” МТЗ-3022 з сеялкай АПП-6А і Дзмітрый Крук на трактары “Беларус” МТЗ-1221 з сеялкай СЗН-4Н. Яшчэ адна сеялка АПП-6А знаходзіцца на рамонце. Канечне, тэмпы сяўбы былі б вышэйшыя, каб хапала тэхнікі, прычапных агрэгатаў і механізатараў.
— Тэхніка часта псуецца, але калі своечасова мяняць вузлы і агрэгаты на ёй, то прастою амаль няма, — кажа механізатар Іван Ермаловіч. Ён усё сваё працоўнае жыццё прысвяціў сельскай гаспадарцы. Працаваў на трактарах розных мадэляў, ведае сапраўдную цану хлебаробскай справе.
IMG_6981 (Копировать)— Трактару і сеялцы ўжо 12 год, але я стараюся трымаць яе ў спраўным стане, хоць гэта і даволі складана, — прадаўжае Іван Іванавіч. — Зямлю сваю і працу на ёй трэба любіць усёй душой, тады і вынікі будуць станоўчыя, і заробак атрымаеш нядрэнны.
Тым часам вадзіцель бензавоза Аляксандр Буйчонак даставіў на поле дызельнае паліва, заправіў трактары і яны, пасля невялікага перапынку на запраўку і абед, рушылі зноў засяваць палеткі. Час прыспешвае.
Сяргей РАЙЧОНАК.

IMG_6988 (Копировать)IMG_6983 (Копировать)