
Калі на малочнатаварным комплексе № 1 аграгарадка Більдзюгі ААТ “Жвіранка” закончылася ранішняе даенне кароў, кіраўніцтва гаспадаркі запрасіла нас на жывёлагадоўчы аб’ект. Нагодай таму стала віншаванне начальніка комплекса Вольгі Чарняўскай з юбілеем.
— Вельмі многа ўвагі сёння да маёй асобы, — жартуе Вольга Міхайлаўна. — Але гэта вельмі прыемна, што цябе паважаюць, не забываюць.
З самага ранку юбіляр прымала віншаванні ад родных, блізкіх, суседзяў, калег. Не абышлі сваёй увагай знакавую дату ў жыцці Вольгі Міхайлаўны дырэктар сельгаспрадпрыемства Пётр Ананька і яго намеснік Зінта Валюшкіна. Яны ўручылі жанчыне шыкоўны букет кветак, падарачны сертыфікат, выказалі шмат цёплых і прыемных слоў.
— Нарадзілася я ў вёсцы Станіславова, — кажа Вольга Міхайлаўна. — Пасля заканчэння Лужаснянскага саўгаса-тэхнікума была магчымасць уладкавацца на працу ў тагачасны калгас “Іскра”. Але лёс распарадзіўся так, што першым маім працоўным месцам стаў былы калгас імя Кутузава з цэнтрам у вёсцы Більдзюгі. Тут я заняла пасаду заатэхніка-селекцыянера. Тут жа пазнаёмілася з будучым мужам Сяргеем, з якім і звязала сваё жыццё. Было гэта ў 1985 годзе, здаецца, зусім нядаўна.
У сям’і ў нас нарадзіліся дзве дачкі — Ірына і Таццяна. Пасля знаходжання ў дэкрэтным водпуску некаторы час працавала намеснікам старшыні гаспадаркі, на працягу чатырох год узначальвала Більдзюгскі сельскі Савет дэпутатаў. А калі ў 2005 годзе здалі ў эксплуатацыю гэты малочнатаварны комплекс, мне прапанавалі яго ўзначаліць. І вось 16 год я працую на дадзенай пасадзе.
Калектыў у нас таварыскі і з’яднаны, налічвае 13 чалавек, кожны ведае сваю справу. У жывёлагадоўчых памяшканнях утрымліваецца 600 галоў дойнага статку, ёсць цялушкі, маленькія цяляты. Часам, як і на любой рабоце, сустракаюцца пэўныя цяжкасці, але заўсёды праблемы дапамагае вырашаць кіраўніцтва і спецыялісты гаспадаркі.
Да таго ж і дома ў мяне моцны, надзейны тыл — муж Сяргей. Разам мы ўжо 34 гады, разам дзелім радасці і непрыемнасці, усмешкі і слёзы. Наогул, лічу, што ў маім жыцці ўсё склалася найлепшым чынам: сям’я, дзеці, любімая работа. Старэйшая дачка Ірына жыве ў Мінску, працуе ў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, а малодшая Таццяна вучыцца ў педагагічным універсітэце імя Максіма Танка. У бліжэйшыя выхадныя яны завітаюць да нас, каб зноў сабрацца за вялікім сямейным сталом. Гэта і ёсць самае вялікае і самае сапраўднае шчасце для любога чалавека на зямлі.
Сяргей РАЙЧОНАК.