Святочная ўрачыстасць “Перамога. Адна на ўсіх…”

Актуальное

IMG_7365У промнях вясенняга сонца 9 мая ў гарадскім пасёлку шаркаўчане і госці раённага цэнтра ўрачыста сустрэлі адно з самых значных свят у Рэспубліцы Беларусь — Дзень Перамогі.
З самага ранку на плошчу Леніна пачалі прыходзіць людзі, каб пабачыць, якую святочную праграму падрыхтавалі для іх спецыялісты райвыканкама, работнікі ўстаноў культуры, педагагічныя калектывы навучальных устаноў Шаркаўшчыны, а таксама ўдзельнікі гурткоў мастацкай самадзейнасці раённага Цэнтра культуры.
Няўмольны бег часу, на вялікі жаль, нельга спыніць. На ўрачыстасці ўжо не прысутнічалі, як ў мінулыя гады, ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, яны адышлі ў вечнасць. На тэрыторыі раёна яшчэ пражываюць 13 непаўналетніх вязняў фашысцкіх канцлагераў, але не кожнаму з іх здароўе дазваляе прымаць удзел у масавых мерапрыемствах. Тым не менш, некаторыя знайшлі ў сабе сілу, каб разам з іншымі раздзяліць радасць гэтай святочнай падзеі.
Да прысутных са словамі віншаванняў звярнуўся старшыня Шаркаўшчынскага раённага выканаўчага камітэта Дзмітрый Ламака.
— Паважаныя шаркаўчане, дарагія сябры, сёння мы разам з вамі сустракаем 76-ю гадавіну Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, — сказаў Дзмітрый Міхайлавіч. — Дзякуючы нашым дзядам і прадзедам, якія заваявалі перамогу ў жорсткай барацьбе з нямецка-фашысцкімі захопнікамі, мы, іх нашчадкі, жывём пад мірным небам у свабоднай і незалежнай Рэспубліцы Беларусь.
Сёння ў некаторых краінах бліжняга і дальняга замежжаў стараюцца перапісаць гісторыю часоў Вялікай Айчыннай вайны. Тым самым прыніжаецца асноўная роля ў разгроме гітлераўскіх войск савецкім народам. Гэтага нельга дапусціць. Асноўная наша задача заключаецца ў тым, каб усе мы разам ніколі не забывалі той час, калі нашымі людзьмі былі заваяваны мір, свабода і шчаслівае жыццё. Гераічнаму мінуламу мы павінны вучыць і наша падрастаючае пакаленне, каб подзвіг савецкага народа жыў у вяках.
Кіраўнік раёна шчыра павіншаваў усіх са святам, пажадаў трывалага здароўся, дабрабыту, мірнага неба над галавой і звычайнага чалавечага шчасця.
Затым слова прадаставілі старшыні раённага савета ветэранаў Ірыне Міхалёнак. Ірына Генадзьеўна далучылася да віншаванняў з такім цудоўным святам. Пажадала, каб мы ніколі не забывалі сваё мінулае, сваіх родных, якія змагаліся з ворагам на франтах, у партызанскіх атрадах, у падполлі. Бо гэта надзвычай важна для нас і для будучых пакаленняў.
Ад імя моладзі выступіла старшыня Маладзёжнай палаты Шаркаўшчынскага раёна Дарына Аляхновіч.
— Мы, маладое пакаленне, не ведаем жахаў той вайны, але мы паважаем подзвіг савецкага народа, які адстаяў мір, свабоду і незалежнасць нашай Радзімы. Цяпер менавіта ад нас залежыць будучыня мірнай і свабодалюбівай Беларусі, — сказала Дарына.
Пасля прысутныя ўсклалі вянкі і кветкі да помніка на брацкай магіле савецкіх воінаў і партызан, хвілінай маўчання ўшанавалі светлую памяць загінуўшых.
Працягам мерапрыемства стаў канцэрт пад назвай “Перамога. Адна на ўсіх…”. У песнях, вершах, тэатралізаваных пастаноўках гучала прага свабоды, заклік да ўсіх людзей зямлі жыць мірна і шчасліва.

Сяргей РАЙЧОНАК


IMG_7327 IMG_7331 IMG_7332 IMG_7333 IMG_7335 IMG_7337 IMG_7338 IMG_7342 IMG_7344 IMG_7346 IMG_7348
IMG_7354IMG_7362 IMG_7365 IMG_7368 IMG_7370 IMG_7371 IMG_7373 IMG_7374 IMG_7376
IMG_7378 IMG_7379 IMG_7395 IMG_7426 IMG_7404 IMG_7403 IMG_7436 IMG_7458 IMG_7470 IMG_7472 IMG_7477