“Чалавек года Шаркаўшчыны” — вадзіцель кансервавага завода Барыс Андрэеў

Актуальное

093 (Копировать)Сярод 15 чалавек, якім у сакавіку прысуджана ганаровае званне “Чалавек года Шаркаўшчыны”, — вадзіцель Шаркаўшчынскага кансервавага завода Барыс Андрэеў.
Сваё працоўнае жыццё Барыс Рыгоравіч прысвяціў тэхніцы і дарозе. Ужо 35 год ён з’яўляецца вадзіцелем грузавога аўтамабіля. Адразу пасля арміі на працягу года працаваў у родным калгасе ў вёсцы Кубелеўшчына, а ў 1986 годзе стаў вадзіцелем аўтамабіля аўтабазы раённага спажывецкага таварыства.
— За гэты час дакладна вывучыў усе вялікія і малыя аўтатрасы нашай рэспублікі, — кажа суразмоўца. — Амаль кожны дзень я ў дарозе, развожу прадукцыю кансервавага завода па гарадах і вёсках Беларусі. У былыя гады, калі існавала Шаркаўшчынскае райспажыўтаварыства, харчовую прадукцыю дастаўлялі таксама і на тэрыторыю Расійскай Федэрацыі: на Пскоўшчыну, Смаленшчыну, у Ноўгарад і Санкт-Пецярбург, іншыя гарады.
Пакуль мы гутарылі з Барысам Рыгоравічам, грузчыкі напоўнілі таварам яго аўтамабіль. Праз некалькі хвілін, падпісаўшы ўсе патрэбныя дакументы, мужчына завёў рухавік аўтамабіля і рушыў у чарговы рэйс. У добры шлях, вадзіцель!
Сяргей РАЙЧОНАК.