У дзіцячай бібліятэцы адкрылася выстава дзіцячых малюнкаў “Святло Вялікай Перамогі”

Культура Общество Патрыятычнае выхаванне

IMG_7245 (Копировать)Ва ўсіх установах культуры, адукацыі напярэдадні дня Вялікай Перамогі прайшлі мерапрыемствы, прысвечаныя гэтай знакавай гістарычнай даце. Не выключэннем стала і дзіцячая бібліятэка гарадскога пасёлка.
Навучэнцы мастацкага аддзялення Шаркаўшчынскай дзіцячай школы мастацтваў пад кіраўніцтвам педагогаў Віктара Фёдаравіча Крука і Марыны Пятроўны Ліпскай у красавіку вырашылі прыняць удзел у сумесным мастацкім конкурсе, ініцыятарам якога стала дзіцячая бібліятэка і непасрэдна яе супрацоўніца Людміла Казіцкая. На працягу месяца хлопчыкі і дзяўчынкі працавалі над сваімі мастацкімі работамі, у якіх адлюстроўвалі ўласнае бачанне вайны 1941—1945 гадоў. Некаторыя з іх малявалі званы сумна вядомай Хатыні, іншыя на паперы паказвалі радасць і ўсмешкі салдат, якія жывымі вярнуліся з Вялікай Айчыннай вайны. Кожны з дзяцей, бачачы той перыяд па-свойму, перанёс уласны настрой на аркуш паперы.
На адкрыцці выставы прысутнічалі святары: дабрачынны Шаркаўшчынскай акругі, протаіерэй Віктар Валашчук і протаіерэй Пётр Бараноўскі. Айцец Віктар быў вельмі ўражаны прадстаўленымі работамі. Ён падкрэсліў, што не кожны чалавек, тым больш, дзіця, можа так дасканала перадаць суровую рэчаіснасць тых часоў.
Вучні сярэдняй школы № 1 і настаўніца Марына Хахолка таксама былі ўражаны прадстаўленымі на выставе работамі. Кожны з прысутных выказаў сваё бачанне, а таксама падкрэсліў, што цяпер вельмі важна і актуальна арганізоўваць падобныя мерапрыемствы, накіраваныя на патрыятычнае выхаванне моладзі, прапаганду воінскай славы нашых продкаў.
Сяргей РАЙЧОНАК.

IMG_7229 (Копировать) IMG_7232 (Копировать) IMG_7234 (Копировать)