Шаркаўчанам, многім жыхарам Беларусі і нават замежжа вядомае імя айца Канстанціна Жданава, які пабудаваў у нашым пасёлку Свята-Успенскую царкву, але, на жаль, у 1919 годзе прыняў пакутніцкую смерць ад рук бальшавікоў.
10 год прайшло з таго часу, калі іерэй Канстанцін Жданаў праваслаўнай царквой быў далучаны да ліку святых. У 2015 годзе свяшчэннамучаніку ў цэнтры гарадскога пасёлка быў урачыста адкрыты помнік, які асвяціў былы архіепіскап Полацкі і Глыбоцкі Феадосій.
З гэтай нагоды ў дзіцячай бібліятэцы прайшло мерапрыемства, на якое прыйшлі намеснік старшыні раённага выканаўчага камітэта Юрый Васілеўскі, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Людміла Стома, настаяцель Свята-Успенскай царквы протаіерэй Пётр Бараноўскі, члены саюза пісьменнікаў Беларусі Віктар Праўдзін і Міледзій Кукуць, а таксама вучні і настаўнікі сярэдняй школы № 1.
На тэматычнай выставе былі прадстаўлены малюнкі, аўтарамі якіх з’яўляюцца навучэнцы мастацкага аддзялення Шаркаўшчынскай дзіцячай школы мастацтваў, а таксама выстава літаратурных твораў. Пра тое, як ствараліся работы на рэлігійную тэматыку, прысутным расказалі выкладчыкі мастацкага аддзялення ДШМ Віктар Крук, Арсеній Пяткевіч і Марына Ліпская.
Дарэчы, выстава называлася “Воін святла”. Менавіта гэтым выразам настаўнікі і навучэнцы мастацкага аддзялення дзіцячай школы мастацтваў акрэслілі жыццё і пакутніцкі шлях свяшчэннамучаніка Канстанціна Жданава. Ён і сапраўды для праваслаўны вернікаў з’яўляецца абаронцам ад сіл цемры, пакут і жыццёвых нястач. У сюжэтах малюнкаў бачна тое, як будаваўся Свята-Успенскі храм, як праходзілі святочныя літургіі ў ім. Некаторыя аўтары работ адлюстравалі арышт айца Канстанціна, яго пакутніцкую смерць у горадзе Дзісна.
Віктар Праўдзін і Міледзій Кукуць з болем у душы расказалі, як па-сапраўднаму трэба верыць у Бога, аберагаць сям’ю, малую радзіму, Айчыну, бо менавіта на гэтых святых каштоўнасцях і трымаецца грамадства.
Разам з протаіерэем Пятром Бараноўскім на мерапрыемстве прысутнічалі настаўнік Більдзюжскай сярэдняй школы Вадзім Казлоўскі, які прадставіў макет Свята-Успенскага храма, а таксама вучань 6 класа Раман Пахамовіч. Дарэчы, Раман прачытаў верш пра айца Канстанціна Жданава, які сам склаў.
Шмат слоў і разваг гучала ў той дзень пра духоўнасць, пра чалавечыя ўзаемаадносіны, пра сяброўства і любоў да бліжніх.
Напрыканцы сустрэчы, арганізатарам і вядучай якой была бібліятэкар Людміла Казіцкая, протаіерэй Пётр Бараноўскі ўзнагародзіў каштоўнымі падарункамі і салодкімі пачастункамі аўтараў мастацкай і літаратурнай выстаў, выказаў ім словы ўдзячнасці, пажадаў шчасця ў жыцці і светлай дарогі да храма, дзе становяцца чыстымі душа, сэрца і думкі чалавека, дзе прысутнічае Усявышні.
Сяргей РАЙЧОНАК.







