29 мая ва ўсіх школах нашай краіны прагучаў апошні званок, які абвясціў аб заканчэнні чарговага навучальнага года, а выпускнікам 11-х класаў — аб развітанні з дзяцінствам. 31-ы выпуск сёлета пакінуў сцены СШ № 2.
Урачыстая лінейка, прысвечаная святу апошняга званка, прайшла ў навучальнай установе. Для 21 выпускніка 11 класа гэта быў асаблівы дзень. Адзінаццаць год праляцелі хутка і непрыкметна, ў мінулым засталося мноства вялікіх і малых адкрыццяў, з якіх і складалася школьнае жыццё.
Са словамі віншаванняў да прысутных звярнуўся першы намеснік старшыні раённага выканаўчага камітэта, начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы райвыканкама Сяргей Струй. Сяргей Валянцінавіч пажадаў выпускнікам абраць дастойны шлях у будучым дарослым жыцці, іншым вучням — добрага адпачынку падчас летніх канікул.
— Сёлета навучальны год закончылі і пераведзены ў наступныя класы 229 вучняў, — сказаў у час выступлення дырэктар навучальнай установы Андрэй Татаровіч. — 45 вучняў адзінаццатага і дзявятага класаў дапушчаны да здачы дзяржаўных экзаменаў. Ад імя калектыву настаўнікаў і вучняў школы я выказваю словы сардэчнай удзячнасці раённаму выканаўчаму камітэту, кіраўнікам базавых гаспадарак і арганізацый, да якіх мы заўсёды звяртаемся па дапамогу.
Віншую ўсіх прысутных са святам апошняга званка. Няхай заўсёды здзяйсняюцца ўсе вашы пажаданні, мары і надзеі. Поспехаў вам, здароўя, дабрабыту і сонечнага лета!
Андрэй Іванавіч, падводзячы вынікі навучальнага года, адзначыў тых вучняў і настаўнікаў, якія вызначыліся паспяховасцю ў вучобе, паводзінах, сталі пераможцамі прадметных алімпіяд, творчых конкурсаў, спартыўных спаборніцтваў. Хлопчыкі і дзяўчынкі, а таксама педагогі атрымалі з рук дырэктара школы граматы, дыпломы, грашовыя ўзнагароды, салодкія пачастункі.
Многа пройдзеш ты дарог,
Многае ўбачыш і пазнаеш,
Але не забудзеш апошні званок,
Гэты, 29 мая…
Адзінаццацікласнік Аляксандр Багданаў і вучаніца першага класа Марыя Хіраш пераліўным апошнім званком абвясцілі аб заканчэнні чарговага навучальнага года, аб заканчэнні школы.
У добры шлях, дарагія выпускнікі! Няхай вам шчасціць у жыцці і будзе светлаю ваша дарога!
Сяргей РАЙЧОНАК.