Вяртаюць землі ў севазварот. 6 чэрвеня — Дзень меліяратара

Добраўпарадкаванне Сельское хозяйство

майстар Сяргей Лысёнак (справа) і экскаватаршчык Ігар Сяткоўскі
майстар Сяргей Лысёнак (справа) і экскаватаршчык Ігар Сяткоўскі

Каб падтрымліваць меліярацыйныя аб’екты ў спраўным стане, патрабуюцца сумленныя, адказныя і кваліфікаваныя работнікі, спецыяльнае абсталяванне, тэхніка. Будаўніцтва і рамонт дрэнажных сістэм, ачыстка і абкос каналаў, выдаленне кустарнікавай расліннасці — гэта далёка не поўны пералік таго, чым займаюцца меліяратары.
— Працоўны дзень на нашым прадпрыемстве распісаны па хвілінах, — кажа дырэктар Шаркаўшчынскага ПМС Анатолій Дзіковіч. — Кожная раніца пачынаецца з праходжання работнікамі медыцынскага агляду. Затым людзі раз’язджаюцца па аб’ектах, а вечарам даюць справаздачу аб выкананых аб’ёмах работы.
Нягледзячы на шматлікія цяжкасці, якія ў апошнія гады закранулі меліярацыйную галіну эканомікі краіны, наша прадпрыемства заўсёды шукае шляхі выхаду з крызісных сітуацый.
На сённяшні дзень мы працуем у нашым і ў Пастаўскім раёнах. У ААТ “Ельня-Агра” праводзім другую чаргу новага будаўніцтва меліярацыйнай сістэмы на плошчы 160 гектараў. Рыхтуецца праект на трэцюю чаргу на тэрыторыі гэтай гаспадаркі плошчай 150 гектараў. У ААТ “Даватарскі” праводзім рэканструкцыю меліясістэмы.
Безумоўна, узнікаюць шматлікія цяжкасці. У першую чаргу, недастатковае фінансаванне. Сёлета, напрыклад, запланавана правесці абкос 1300 кіламетраў каналаў у нашым раёне і 1600 кіламетраў у Пастаўскім раёне. На жаль, мы не ў стане цалкам выканаць дадзеныя аб’ёмы з-за адсутнасці грашовых сродкаў. Тым не менш, на прадпрыемстве створаны 2 механізаваныя атрады, па 5 адзінак трактароў у кожным. Адзін атрад працуе ў нашым раёне, а другі ў Пастаўскім. Праца вядзецца ўжо не першы дзень.

Механізатар Аляксандр Кухто
Механізатар Аляксандр Кухто

Да таго ж, на прадпрыемстве ёсць спецыяльны агрэгат “Зубр”, які з дапамогай трактара “Беларус” МТЗ-82 праводзіць апырскванне каналаў гербіцыдамі і знішчае кустоўе. На гэтай рабоце заняты механізатар Аляксандр Кухто. Ён ужо апрацаваў 11 кіламетраў каналаў у Шаркаўшчынскім раёне, у суседзяў жа трэба знішчыць кустоўе на 100 кіламетровай плошчы. Гэта вельмі значны аб’ём, але механізатар адказны і руплівы. Упэўнены, што з гэтай задачай ён справіцца ў тэрмін. Акрамя гэтага, на Пастаўшчыне рамантуем меліярацыйныя каналы паблізу вёскі Барэйкі. Будзем таксама праводзіць абкос і прачыстку рэчышча ракі Палавіца.
На жывёлагадоўчай ферме ў вёсцы Савуткі прачысткай каналаў займаецца экскаватаршчык Ігар Сяткоўскі. Мужчына працуе ў нашай арганізацыі яшчэ толькі першы год, але зарэкамендаваў сябе добра.
Наогул, на сённяшні дзень у Шаркаўшчынскім ПМС працуюць 100 чалавек, 35 — на ўчастку ў Паставах. Я вельмі ўдзячны кожнаму з іх за сумленную працу і за адказныя адносіны да даручанай справы. Напярэдадні прафесійнага свята шчыра віншую работнікаў меліярацыі і ветэранаў галіны з Днём меліяратара! Зычу кожнаму трывалага здароўя, сямейнага дабрабыту і шчаслівага жыцця! Са святам вас, шаноўныя калегі!
Сяргей РАЙЧОНАК.