З выязной калегіі ўпраўлення райсельгасхарчу па механізацыі

Сельское хозяйство

удзельнікі калегіі ў ААТ “Васюкі”

Зіма — гэта той час, калі ў механізатараў гаспадарак стала менш мпраў, і ўсталяваўся нарміраваны рабочы дзень. Значыць, можна акуратна, дасканала весці рамонт тэхнікі — рыхтавацца да новых палявых работ.

Як пастаўлена збожжаўборачная і кормаўборачная тэхніка на зімовае захоўванне, як вядуцца рамонтныя работы ў майстэрнях, якія ўмовы працы там створаны для механізатараў, забеспячэнасць патрэбнымі запчасткамі, шляхі эканоміі працоўных рэсурсаў? На гэтыя і іншыя пытанні імкнуліся знайсці адказ на прыкладах асобных гаспадарак на калегіі па механізацыі кіраўнікі, галоўныя інжынеры і інжынеры па ахове працы і тэхніцы бяспекі сельгаспрадпрыемстваў раёна. У рабоце калегіі праняў удзел старшыня райвыканкама М. І. Баговіч.

Станоўчыя прыклады ў гэтым напрамку можна было пабачыць у КУВСП імя Маркава, ААТ “Васюкі” і “Даватарскі”. Што канкрэтна там заўважылі? Адразу скажу, прыемна ўразіла абстаноўка ў мехмайстэрнях дадзеных сельгаспрадпрыемстваў: чысціня, парадак, каля тэхнікі, якая патрабуе рамонту, завіхаюцца рамонтнікі. І галоўнае — цёпла і ўтульна ў прасторных памяшканнях і бытавых пакоях. Апошнія абсталяваны па ўсіх патрабаваннях: можна адпачыць, а вечарам, у канцы рабочага дня нават схадзіць тут жа ў лазню.

Заходзім у мехмайстэрню КУВСП імя Маркава. Там рыхтавалі пасяўны агрэгат Аляксандр Кірэй і Юрый Хаданёнак, крыху воддаль Мікалай Яроцкі і Вадзім Губскі аднаўлялі бароны, далей рамонтам аўтамашын займаліся шафёры. Механізатары атрымалі на рукі акордныя нарады. Скажам, Мікалай Аляксандравіч і Вадзім Генадзьевіч павінны адрамантаваць 30 барон за 24 дні. Калі яны ўкладваюцца ў даведзеныя тэрміны, то атрымаюць за работу амаль мільён 621 тысяч рублёў. Няцяжка падлічыць, што адна адноўленая барана каштуе 54 тысячы 230 рублёў. Па акордных нарадах працуюць і іншыя рамонтнікі. Галоўнае, каб было чым рамантаваць. Пра задачы, якія стаяць перад механізатарамі на час рамонту расказаў галоўны інжынер гаспадаркі Аляксандр Толкач.

Уся збожжаўборачная тэхніка падрыхтавана да зімовага захоўвання адпаведна ДАСТУ і знаходзіцца пад павеццю.

Наступны аб’ект наведвання — ААТ “Васюкі”. Ацяпленне ўсіх памяшканняў тут вядзецца дровамі, дзверы майстэрні ўшчыльнены. Механізатары рамантавалі камбінаваныя глебаапрацоўчыя агрэгаты па акордных нарадах. Значыць, запчасткамі забяспечаны. Дарэчы, закупілі ў вайсковай часці ЗІЛ-130, які мяркуюць пераабсталяваць пад малакавоз. Гэта адзін з метадаў эканоміі і беражлівасці. Бо меншыя затраты будуць пры рэалізацыі малака на прыёмны пункт у райцэнтр сваімі сіламі, чым цэнтравывазам.

У гаспадарцы камбайны пастаўлены пад павеццю, іх вузлы загеретызаваны, пакрыты антыкарызійнай змазкай, прывадныя рамні паслаблены. Побач — “Раса”, утрымліваецца на калодках, пры разгружаных шынах колаў.

Трапляем у ААТ “Даватарскі”. Тут жа ў кузні разагрэты горан. Каваль Алег Галуза рыхтуе наканечнікі для стойкі на чызельныя культыватары. Іншыя механізатары рамантуюць дыскавыя бароны, АПП-6 і іншую тэхніку.

Затым адбылася нарада ў будынку Пялікаўскага Дома культуры. Начальнік дзяржтэхнагляду Васілій Севяр’янавіч Лутохін паведаміў аб тым, што камісія, у склад якой уваходзілі спецыялісты ўпраўлення райсельгасхарчу, галоўны інжынер ААТ “Агратэхсэрвіс”, дырэктар вучэбна-курсавога камбіната на працягу доўгага часу не толькі правяралі, але і аказвалі дзейсную дапамогу ў набыцці патрэбных запчастак, вырашалі іншыя складаныя пытанні, каб усе гаспадаркі падрыхтаваліся да агляду- конкурсу па пастаноўцы тэхнікі на зімовае захоўванне. Балы налічваліся па 27 паказчыках, куды ўваходзілі пытанні рознага напрамку. Гэта і наяўнасць санітарна-бытавых памяшканняў, якасць дэфектоўкі тэхнікі, здача ў рамонтныя майстэрні вузлоў і дэталяў і многае іншае. У выніку першага месца не прысуджана, другое — у ААТ “Даватарскі” і КУВСП імя Маркава, трэцяе — у ААТ “Васюкі”.

Наступныя месцы размеркаваліся так: КУВСП “Гарадзец”, ААТ “Агратэхсэрвіс”, “Жвіранка”, “Ельня-Агра”, “Буеўшчына”, “Юдыцына”, “Княж”. Шмат недахопаў выяўлена ў апошнім. Напрыклад, жаткі ў камбайнах у аддзяленні Германавічы не вычышчаны пасля ўборкі рапсу, які і прарос там, своечасова не праведзена дэфектоўка вузлоў і дэталяў.

У ААТ “Юдыцына” дзве жаткі не пакрыты антыкаразійнай фарбай. Пасля позняга ворыва не ачысцілі плугі. Аналагічны недахоп і ў іншых сельгаспрадпрыемствах.

Пра недахопы, якія выяўлены ў гаспадарках па ахове працы і тэхніцы бяспекі паведамілі намеснік начальніка аддзела занятасці насельніцтва і сацыяльна-працоўных адносін упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама А. В. Рудак і галоўны спецыяліст па ахове працы і тэхніцы бяспекі райсельгасхарчу М. М. Кукуць.

Прыемную місію выканаў старшыня райвыканкама М. І. Баговіч. За добрасумленную працу падзячныя пісьмы райвыканкама былі ўручаны галоўнаму інжынеру КУВСП імя Маркава А. В. Толкачу і інжынеру-механіку ААТ “Даватарскі” П. В. Васілеўскаму.

так захоўваецца збожжаўборачная тэхніка ў КУВСП імя Маркава

Кацярына СОСНА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *