У КУВСП імя Маркава прыступілі да корманарыхтоўчых работ

Сельское хозяйство

IMG_8085 (Копировать)
механізатар Аляксандр Кірэй

Аграрыі раёна, завяршыўшы вясеннюю пасяўную кампанію, паступова прыступаюць да касавіцы. Усе сельгаспрадпрыемствы цяпер займаюцца падкошваннем пашы, нарыхтоўваюць сена, сянаж. Такімі ж клопатамі заняты і працаўнікі КУВСП імя Маркава.
— Сёлета запланавана нарыхтаваць 350 тон сена, 6300 тон сенажу, у тым ліку ў палімернай упакоўцы — 750 тон, — кажа намеснік дырэктара гаспадаркі па ідэалагічнай рабоце Анатолій Дзітрыс. — Таксама трэба закласці ў траншэі 5600 тон сіласу. Гэта даволі значныя аб’ёмы. Тэхніка працуе на вызначаных відах работ. Прыступілі мы і да нарыхтоўкі сенажу. Васямнаццаты сезон працуе на корманарыхтоўчым комплексе “Ягуар” механізатар Аляксандр Кірэй. Ён у нашай гаспадарцы перадавы работнік. Сёлетняй вясной на трактары “Беларус” МТЗ-1221 у счэпе з сеялкай “Лемкен” засеяў звыш 300 гектараў.
— Я, канечне, змог бы і больш, але зламаўся рухавік у трактары, таму час быў страчаны, — кажа Аляксандр Вітальевіч. — Цяпер зноў сеў за руль свайго “Ягуара”, на якім ужо васямнаццаць год працую. Тэхніка замежная, трывалая, але з-за такога вялікага часу эксплуатацыі нярэдка здараюцца паломкі. Тым не менш, пры наяўнасці запасных частак, стараюся як мага хутчэй адрамантаваць агрэгат, каб зноў рушыць на поле.
— Дапамагаюць нам механізатары Глыбоцкага аграпрамысловага аб’яднання, — прадаўжае Анатолій Андрэевіч. — Трактарыст Аляксандр Харэвіч працуе на трактары “Беларус” МТЗ-3522 у счэпе з касілкай “SIP-906”.
Надвор’е ўсталявалася добрае, таму з кожным днём мы нарошчваем тэмпы работ, каб закласці трывалую кармавую базу для буйной рагатай жывёлы ў зімовы перыяд.
Сяргей РАЙЧОНАК.