Людміла Ардынская — сярод пераможцаў рэспубліканскага конкурсу “За што я люблю родную зямлю”

Культура

20200727Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі летась аб’явіў першы рэспубліканскі конкурс творчых пісьмовых работ “За што я люблю родную зямлю”, які быў прымеркаваны да Года малой радзімы. Больш падрабязна пра тое, хто ў ім удзельнічаў і стаў адным з пераможцаў, раённай газеце расказала бібліятэкар аддзела бібліятэчнага маркетынгу раённай бібліятэкі Марыя Сушко:
— Эсэ, аповесці, паэмы, вершы і нават навуковыя даследванні, больш чым 800 удзельнікаў з усёй Беларусі, творы на рускай і беларускай мовах. Журы адабрала 200 лепшых работ у 12 намінацыях, але з-за складанай эпідэміялагічнай абстаноўкі ў рэспубліцы падвядзенне вынікаў конкурсу адкладвалася некалькі разоў. І толькі 26 сакавіка гэтага года журы назвала пераможцаў конкурсу, які па словах старшыні Прэзідыума НАН Уладзіміра Гусакова “не толькі адлюстраваў пачуцці глыбокай любові да роднага краю, але дазволіў убачыць па-новаму сваё далейшае і цяперашняе. У няпросты гістарычны час, калі наша грамадства выпрабоўваюць на трываласць эканамічныя, палітычныя, сацыяльныя, эпідэміялагічныя фактары, нашы людзі здолелі тварыць, марыць, увасабляць свае пачуцці ў мастацкай творчасці, што надае работам асаблівае эмацыянальнае гучанне і нават напаўняе іх асаблівым патрыятычным пафасам”.
Сярод пераможцаў аказалася і наша зямлячка, пісьменніца і краязнаўца Людміла Іосіфаўна Ардынская. На конкурс ў намінацыі “Мова маёй Радзімы” Людміла Іосіфаўна даслала пошукава-даследчую працу “З лексікону мясцовых гаворак Шаркаўшчынскага краю” створана яна была з мэтай і захаваць мясцовыя дыялекты, якія на працягу шматлікіх стагоддзяў перадаваліся з пакалення ў пакаленне нашымі продкамі.
Днямі Людміле Іосіфаўне даслалі Дыплом пераможцы і каштоўны падарунак — кнігу Віктара Корбута “Ад Мінска да Вільні. Гісторыя Беларусі ў журналісцкіх нататках”.
Трэба адзначыць, што Людміла Іосіфаўна на працягу доўгага часу цікавіцца гістарычным мінулым Радзюкоў і яе жыхароў. Не так даўно мясцовая жыхарка Аліна Страленка перадала Людміле Ардынскай каля паўсотні выразак вершаў беларускіх паэтаў аб родным краі і беларускай мове, якія былі надрукаваныя ў сялянскай газеце “Беларускі дзень” і газеце “Беларуская крыніца”, якія друкаваліся ў даваенны час у Вільні. Збіральнікам і захавальнікам цікавага газетнага матэрыялу мінуўшчыны быў селянін Антон Ананіч, бацька Аліны Страленка. Вершы тых далёкіх гадоў актуальны і ў наш час. Нам бы павучыцца ў сваіх папярэднікаў патрыятызму, гонару за сваю нацыю, шанаванню роднай мовы!
Копіі выразак вершаў беларускіх паэтаў аб родным краі і беларускай мове маюцца і ў раённай бібліятэцы, а арыгіналы Людміла Іосіфаўна плануе перадаць у краязнаўчы аддзел Віцебскай абласной бібліятэкі.
Алена АНАНІЧ.