Пра гісторыю, атрыбуты і традыцыі святкавання калядаў

Актуальное

Вігілійны вечар

Каталікі свету рыхтуюцца да аднаго з найвялікшых святаў літургічнага года — Божага нараджэння. 24 снежня вернікі збяруцца на вігілійную вячэру, якая адбываецца ў сям’і. Позна вечарам у касцёлах Беларусі распачнуцца ўрачыстыя службы. Людзі будуць маліцца і дзякаваць Богу, што 20 стагоддзяў таму назад паслаў на зямлю свайго сына — Ісуса Хрыста. Днём 25 снежня ў касцёлах будуць таксама гучаць малітвы ў гонар нараджэння Хрыстова. Напярэдадні Калядаў сустрэліся з ксяндзом Аляксеем Юркайцем, які з’яўляецца святаром Мосарскай парафіі Шаркаўшчынскага дэканату, каб узгадаць гісторыю святкавання Божага нараджэння.

Ялінка

Сёння нельга акрэсліць нават прыблізна, з якіх часоў хвойнае дрэва пачало атаесамляцца са святкаваннем свята Божага Нараджэння. Аднак вядома, што ў многіх культурах і рэлігіях — дрэва, асабліва хвойнае, з’яўляецца сімвалам жыцця, пладавітасці, адраджэння і трываласці.

Амаль што ва ўсіх дахрысціянскіх язычніцкіх рэлігіях ушаноўвалася якое-небудзь “святое” дрэва. У хрысціянства традыцыя ставіць елку хутчэй за ўсё ўвайшла падчас хрысціянізацыі земляў Еўропы. Жрацы кельцкіх народаў Галіі і Брытаніі — друіды — ушаноўвалі толькі “жывыя” дрэвы, якія зімой зялёныя, бо на ім, як яны верылі, пасяліўся і жыве Бог. Германскія народы асабліва ўшаноўвалі елку — сімвал жыцця. Існуе таксама факт, што ў ХVІ стагоддзі каля ясляў ставілі піхтавае дрэва, аздобленае зоркай і ліхтарыкамі.

У сярэднявеччы жыхары нямецкага Страсбурга пачалі ўпрыгожваць на Каляды елкі каляровай паперай, фруктамі і цукеркамі. Гэты звычай распаўсюдзіўся ў мяшчанскіх нямецкіх, аўстрыйскіх сям’ях і адтуль у ХІХ ст. — на астатнія еўрапейскія і пазаеўрапейскія краіны.

Немалаважнымі былі аздабленні елкі. Ім таксама надавалі глыбейшы сэнс. І такім чынам на вярхушцы запальвалі зорку, якая сімвалізавала бэтлеемскую зорку, у навешаных яблыках бачылі рэха біблейскага яблыка Адама і Евы, ланцужкі з паперы распазнавалі як ланцугі грэшнага зняволення, асвятленне елкі павінна было ўказваць на Хрыста, які прыйшоў на свет як “святло язычнікаў”. Жывое ж зялёнае дрэва павінна было б сімвалізаваць Хрыста — крыніцу ўсялякага жыцця. Варта пра гэта памятаць, упрыгожваючы сваё святочнае дрэва. А ўпрыгожваецца яно менавіта ў вігілійны вечар. А каб запаліць свечкі, трэба дачакацца з’яўлення на небе першай зоркі.

Вігілійная вячэра

Традыцыя сямейнай урачыстай вячэры сёння вельмі моцна ўкаранілася ў нашых сем’ях. Гэты звычай заўважылі і запісалі ўжо ў ХVІІ ст., хоць дапускаецца, што ён практыкаваўся значна раней. Істотным элементам з’яўляецца захаванне посту. Вячэру папярэджвае падрыхтоўка ялінкі, а таксама хатняй стаенкі (ясляў). Пад белы абрус кладзецца сена (як сімволіка бэтлеемскіх ясляў). За стол сядаюць пасля з’яўлення першай зоркі на небе. Удзельнікі вячэры дзеляцца белым аплаткам, складаюць віншаванні, прабачаюць узаемныя крыўды. Прынята пакідаць свободныя месцы для магчымага госця ці, таксама сімвалічна, для Хрыста. Былі і ёсць розныя традыцыі, якія датычаць колькасці і вартасці вігілійных страў. Найчасцей падаецца рыбны суп або боршч, пасля грыбы з капустай, вараная рыба ці печаныя клёцкі, ці галушкі з макам, кампот з сушаных фруктаў і г. д. Навогул гатуецца 7, 9 або 12 страў. Ва ўсходніх рэгіёнах абавязкова падаецца куцця (вараная пшаніца ці ячмень з мёдам, арэхамі і міндалем). Пасля заканчэння вячэры спяваюць калядкі і адорваюць адзін аднаго падарункамі.

Аплатак

Вігілійны звычай дзялення аплаткам адносіцца да самых трывалых і жывых традыцый Божага Нараджэння. Дзяленне аплаткам, хоць неабавязковае ў вігілію, практыкавалі ўжо старажытныя хрысціяне — атрымлівалі яго тыя, хто не быў на Імшы. Здаўна, адразу ж перад вячэрай, дзяліліся аплаткам з членамі сям’і, слугамі, калядоўшчыкамі і, безумоўна, з духамі продкаў. Нават жывёла атрымлівала аплатак ад сваіх гаспадароў.

Няма дакладных звестак пра тое, дзе б гаварылася, калі і пры якіх умовах гэта традыцыя прыжылася ў Беларусі. Найстарэйшы ўспамін паходзіць з канца ХVІІІ ст. Сёння гэта добры звычай, першапачатковым значэннем якога з’яўляецца паяднанне. Дзелячыся аплаткам, складаем узаемныя пажаданні ўсяго добрага, забываем пра крыўды, прабачаем усім і ўсё.

Каляды

Выраз “каляда” паходзіць ад лацінскага слова “calendae” і азначае першы дзень месяца. У старажытным Рыме асабліва ўрачыста адзначалі студзеньскія Каляды, калі консулы займалі свае пасады ва ўсёй рымскай імперыі. Пры рэформе календара (46 г. да н. э.), устаноўленага Юліем Цэзарам (адтуль юльянскі каляндар), 1 студзеня зацверджаны пачаткам адміністрацыйнага года. У Рыме гэта адзначалася вельмі ўрачыста. Людзі наведвалі адзін аднаго, адорвалі падарункамі, спявалі. Разам са з’яўленнем хрысціянства гэтыя звычаі паступова спалучылі з пачаткам адлічэння новага часу “новай эры”, ці Нараджэннем Хрыста. Каляда ў Беларусі азначае перш за ўсё рэлігійны спеў, тэматычна спалучаны з Нараджэннем Хрыста. Найстарэйшая калядка паходзіць з 1424 г., хоць сам тэрмін усталяваўся толькі ў ХVІІ ст. У той час з’явілася шмат калядак і пастаралак. Адны спявалі законнікі, іншыя — арыстакраты, мелі таксама свае калядкі купцы і іншыя саслоўі насельніцтва. Аднак калядкі ўзніклі, дзякуючы таксама і ананімным аўтарам. Перакладалі іх з лацінскай ці суседніх народных моваў. Хаця большасць калядак нарадзіліся ва ўлонні каталіцкага касцёла, аднак, існуе шмат калядак лютэранскіх, калівінісцкіх, гусіцкіх.

Калядныя падарункі

Паўсюдная практыка ўзаемнага адорвання каляднымі падарункамі (асабліва дзяцей) была звязана першапачаткова з асобай святога Мікалая — біскупа, вялікага дабрадзея, які жыў у ІV ст. Яго незвычайная шчодрасць, клопат пра бедных сталі сімвалам і ўвасабленнем любові да бліжняга, асабліва ў перыяд святаў Божага Нараджэння, знайшла сваё лагічнае ўвасабленне ўжо ў сярэднявеччы. Сённяшнюю традыцыю дарыць святочныя падарункі мы маем дзякуючы Марціну Лютару, які ў 1535 г. намагаўся, каб пратэстанты занядбалі звычай святога Мікалая, а падарункі дарылі сваім дзецям як дар самаго “Дзіцяткі Езуса”. З часам усе хрысціянскія краіны, у тым ліку каталіцкія, прынялі гэтую практыку. Аднак жа след даўняй традыцыі святога Мікалая надалей распазнаем у чалавеку, які ўбраны ў біскупскія шаты, з мітрай і пастаралам і якога проста называюць Santa Claus, ці Дзед Мароз. Гэта ён у вігілію Божага Нараджэння прыносіць падарункі, а дзеці са сваёй дзіцячай верай пішуць да яго лісты.

Аляксандр БАРЫЛА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *