У раённым цэнтры рамёстваў працуе выстава “Геральдыка і сімволіка Віцебшчыны”

Актуальное

_XpPgzuqabwЗ чэрвеня ў выставачнай зале раённага цэнтра рамёстваў працуе выстава пад назвай “Геральдыка і сімволіка Віцебшчыны”, на якой прадстаўлены вышываныя дэкаратыўныя пано.
Беларускі арнамент — адзін з унікальных нацыянальных сімвалаў. Ён прайшоў скрозь стагоддзі і застаўся своеасаблівым культурным кодам краіны. Нашы продкі імкнуліся аздобіць свае адзенне асаблівым арнаментам, які служыў абярэгам ад сурокаў і негатыўнага ўплыву.
Але сёння арнамент — гэта больш, чым проста сімвал і даніна традыцыям. Гэта брэнд Беларусі, які, з аднаго боку, падкрэслівае нашу індывідуальнасць і з’яўляецца пазнавальнай нацыянальнай адметнасцю, з другога — аб’ядноўвае нас з усімі славянскімі народамі.
Гісторыя беларускай народнай вышыванкі сыходзіць каранямі ў глыбіню стагоддзяў. Вышыванне лічылася хатнім заняткам: кожная жанчына вышывала вопратку, ручнікі для сябе і сваёй сям’і. Спалучэнні сімвалаў дэманстравалі мары чалавека, тое, што ён чакаў ад жыцця і будучыні. Арнамент быў адметны для кожнай мясцовасці або раёна. Ад яго пайшла геральдыка. Цікава, што першым уладальнікам геральдычных знакаў у постсавецкі час стаў старажытны Полацк: вяртанне да даўніх традыцый адбылося ў горадзе ў 1994 годзе. З тых часоў гербы і сцягі з’явіліся ў многіх гарадоў і раёнаў Віцебшчыны.
На выставе ў раённым цэнтры рамётсваў вы ўбачыце традыцыйныя пано, гербы раёнаў і іншае. Стылізаваныя раслінныя арнаменты ды ўзоры — гэта вельмі карпатлівая і складаная праца, якая нікога не пакіне абыякавым.
Супрацоўнікі раённага цэнтра рамёстваў запрашаюць жыхароў і гасцей гарпасёлка наведаць выставу.
Алена АНАНІЧ.