Аб тым, як сустракаюць сваё прафесійнае свята работнікі Шаркаўшчынскага раёна электрычных сетак, мы папрасілі расказаць яго начальніка Віталія Анісімавіча Шарыпу. Вось аб чым мы даведаліся з яго размовы.
За 50 гадоў, калі, вобразна кажучы, быў закладзены першы камень у падмурак дадзенай сістэмы, многае ўдасканалілася, абнавілася, але нязменнай каштоўнасцю застаецца павышаная адказнасць калектыву, які працуе ў інтарэсах жыхароў раёна. Кожны разумее, што своечасовае і якаснае правядзенне рамонту кожнага кіламетра лілій электраперадачы, трансфарматарных падстанцый павышае надзейнасць электрасетак і бесперабойнасць забеспячэння электараэнергіяй усіх спажыўцоў раёна. Практычна кожны дзень, нягледзячы на розныя капрызы надвор’я, майстры, электраманцёры брыгад выязджаюць на аб’екты. Усё робіцца з той мэтай, каб электрычная энергія бесперапынна паступала ў кожны дом, на кожную ферму, у майстэрні.
Сёння ў арганізацыі працуе 68 чалавек, якія паспяхова спраўляюцца з выкананнем планаў і заданняў. За год адрамантаваны 120 кіламетраў ліній электраперадачы, 96 — трансфарматарных падстанцый, забяспечана выкананне іншых работ. На арганізацыю ўскладзена кіраванне работай асноўных падстанцый, якія знаходзяцца ў Шаркаўшчыне, Лужках, Іёдах, Сасноўцах, Германавічах і Курылавічах.
Апошнія гады асаблівая ўвага надаецца замене неізаляваных правадоў на лініях і ў будынках. Часцей за ўсё гэта праводзіцца на месцах перасячэння ліній з рэчкамі, на лясных участках з мэтай бяспекі насельніцтва і зніжэння ўзроўню аварыйных адключэнняў ліній. Для гэтага выкананы значны аб’ём падрыхтоўчых работ па расчыстцы прасек з прымяненнем хімічнай апрацоўкі, тэхнікі і ручной працы.
З кожным годам узрастае патрабаванне да якасці рамонту ЛЭП і падстанцый, іх тэхнічнага забеспячэння, дзякуючы чаму электраабсталяванне ўзнаўляе свае першапачатковыя тэхнічныя параметры, атрымлівае ўстойлівасць і безадказнасць у рабоце. Увайшло ў практыку штогод праводзіць агляды-конкурсы на лепшы рамонт ліній электраперадачы, трансфарматарных падстанцый сярод брыгад Глыбоцкіх электрасетак. Па выніках мінулага года сярод лепшых была прызнана брыгада пад кіраўніцтвам майстра А. Б. Лаўрыновіча.
Трэба сказаць, што кожны работнік РЭС з’яўляецца спажыўцом электраэнергіі, і ён добра разумее, якія нязручнасці адчуваюць людзі, калі, асабліва ў вольны ад работы час, раптам прападае святло. І ўсё ж, без адключэнняў электраэнергіі нельга абысціся. Практычна кожны дзень на аб’екты выязджаюць да шасці брыгад, каб на адключаных электраўстаноўках выконваць планавыя прафілактычныя работы. Работнікі імкнуцца правесці іх у максімальна кароткія тэрміны, таму часта некалькі брыгад адначасова працуюць на адключаным участку.
Здараюцца вымушаныя адключэнні, калі бацяны робяць свае гнёзды на апорах, валяць дрэвы на правады бабры, наязджаюць на апоры тэхнікай падчас правядзення палявых работ.
Для хуткай ліквідацыі няспраўнасцяў, аварыйных адключэнняў круглыя суткі дзяжураць дыспетчарская служба і аператыўна-выяздная брыгада. А пры масавых адключэннях у час разгулу стыхіі дапамагаюць рамонтныя брыгады.
Паспяховай можна лічыць работу па асвятленню сельскіх населеных пунктаў у адпаведнасці з патрабаваннямі сацыяльных стандартаў.
Як вядома, поспех заўсёды забяспечваюць людзі, якія добрасумленна адносяцца да сваіх абавязкаў на кожным рабочым месцы. Тут працуюць высокапрафесійныя, дысцыплінаваныя спецыялісты. Большасць работнікаў калектыву маюць вышэйшую, сярэдне-спецыяльную адукацыю. З іх 28 чалавек закончылі ВНУ і каледжы, палова працуючых маюць стаж работы звыш 15 гадоў.
Высокую сумленнасць, адказнасць праяўляюць на сваіх участках работы галоўны інжынер В. І. Лагун, начальнік дыспетчарскай службы Л. І. Шпец, дыспетчары А. В. Пранік, В. М. Туронак, А. У. Бекіш, Д. М. Кабак, Л. А. Грыгаровіч, І. А. Чарняўскі, электраманцёры аператыўна-выязной брыгады С. В. Цярэшка, Д. П. Латышонак, В. А. Рачыцкі, П. В. Табола, Аляксандр Георгіевіч і Андрэй Георгіевіч Мядзельцы, Ю. І. Пундзіс, Г. У. Курэц, І. Б. Цітовіч.
Паспяхова рашаюцца транспартныя задачы і выконваюцца механізаваныя работы калектывам брыгады забеспячэння работ у складзе Р. В. Ермаловіча, В. В. Рачыцкага, С. І. Дулінца, У. Н. Сікоры, А. Р. Мышкоўскага і П. І. Мацкевіча.
Сваё прафесійнае свята энергетыкі сустракаюць з добрым настроем і ўпэўненасцю, што любыя перашкоды яны здольныя пераадолець, каб толькі было надзейнае забеспячэнне спажыўцоў электраэнергіяй.
Кацярына СОСНА.
Фота Марыны ЖАКАЎКА.