18 чэрвеня ў Паставах прайшоў абласны этап рэспубліканскага сямейнага конкурсу «Уладар сяла»

Актуальное

IMG_8849 (Копировать) 12 сямей з розных рэгіёнаў Віцебшчыны 18 чэрвеня ўдзельнічалі ў абласным этапе рэспубліканскага праекта “Уладар сяла”, які прайшоў на базе спартыўна-турыстычнага комплексу “Азяркі”, што на Пастаўшчыне.
У пачатку ўрачыстасці ўдзельнікаў праекта, гасцей свята і ўсіх прысутных вітаў старшыня Пастаўскага райвыканкама Сяргей Чэпік. Кіраўнік раёна пажадаў усім канкурсантам вытрымкі, імкнення да перамогі, бадзёрасці, аптымізму і добрага настрою ад знаходжання на Пастаўшчыне.
Адстойваць гонар Шаркаўшчынскага раёна надарылася сям’і Собаль з нашага гарадскога пасёлка: Сяргею, Крысціне і іх дачушцы Валерыі.
Дарэмна не марнуючы час, шаркаўчане, як і іншыя канкурсанты, размясціліся ў адведзеным месцы, усталявалі ўвесь патрэбны рэквізіт. У хуткім часе пачаўся першы конкурс, які меў назву “Хлеб — усяму галава!”. Гаспадыні па чарзе паднімаліся на сцэну з уласна выпечанымі караваямі на нацыянальных ручніках. Кожная расказвала пра тэхналогію выпечкі, дзялілася рэцэптам прыгатавання.
У гэты ж час гаспадары на аўтобусе рушылі да месца, дзе іх чакаў конкурс “Касцы”. На роўных участках, адведзеных кожнаму, плошчай 10 на 10 метраў па камандзе журы яны пачалі касіць. Моцная спякота, адсутнасць расы на траве не сталі перашкодай для мужчын-касцоў. Кожны з іх імкнуўся да перамогі. Дарэчы, журы ўлічвала не толькі хуткасць, але і якасць касьбы.
У конкурсе “Па дровы” трэба было распілаваць драўляную калоду на тры часткі ручной пілой. Затым гаспадары тапаром шчапалі гэтыя калодкі, а гаспадыні складалі паленне. Шаркаўчане ў гэтым выпрабаванні паказалі свой спрыт і занялі лідзіруючае месца.
“Сельскагаспадарчая эстафета” — так называўся чацвёрты конкурс. Тут мужчыны везлі сваіх жонак на тачках, разам збівалі валёнкам фішкі, кідалі ў мяхі бульбу, выконвалі іншыя цікавыя заданні.
Наступным выпрабаваннем стаў конкурс “Дранікі на калодзе”. Калісьці нешта падобнае ўпершыню з’явілася ў Радзюкоўскім сельскім доме культуры, калі на драўлянай калодзе выпякалі бліны. Цяпер жа гэта практыкуецца паўсюдна. Шаркаўчане выдатна распалілі калоду і спяклі смачныя і прыгожыя дранікі, якія і прадаставілі на суд журы. Дарэчы, каманда арганізатараў дэталёва ацэньвала ўсе конкурсныя этапы, каб выявіць пераможцаў.
На жаль, сям’я Собаль не ўвайшла ў лік прызёраў, перамогу заваявала сям’я з Верхнядзвінскага раёна. Але гэта не галоўнае. Сяргей сказаў, што ў будучым годзе яны падрыхтуюцца больш грунтоўна і абавязкова заваююць перамогу. Што ж, калі такое жаданне ў іх ёсць, то да здзяйснення сваёй мары Сяргей, Крысціна і Валерыя будуць ісці ўпэўненым крокам. Пажадаем ім поспехаў!
Сяргей РАЙЧОНАК.

IMG_8748 (Копировать) IMG_8757 (Копировать) IMG_8770 (Копировать) IMG_8782 (Копировать) IMG_8791 (Копировать) IMG_8802 (Копировать) IMG_8818 (Копировать) IMG_8828 (Копировать) IMG_8831 (Копировать) IMG_8842 (Копировать) IMG_8871 (Копировать) IMG_8878 (Копировать) IMG_8899 (Копировать) IMG_8912 (Копировать)