22 чэрвеня ў 4 гадзіны раніцы ў Докшыцкім раёне на мемарыяльным комплексе “Пракляцце фашызму” у былой весцы Шунеўка, якая была спалена нямецка-фашысцкімі захопнікамі, прайшла абласная акцыя пад назвай “Дарогамі спаленых вёсак”, удзел у якой прынялі і супрацоўнікі сектара па нестацыянарных формах абслугоўвання насельніцтва раённага цэнтра культуры з Шаркаўшчыны.
Прадстаўнікі кожнага рэгіёну Віцебшчыны прыехалі з картамі, на якія былі нанесеныя месцы, дзе нямецка-фашысцкімі захопнікамі былі спалены вёскі, хутары ў гады Вялікай Айчыннай вайны.
Былая вёска Шунеўка Докшыцкага раёна была знішчана карнікамі 22 мая 1943 года. Тады загінулі 66 мірных жыхароў.
Удзельнікі абласной патрыятычнай акцыі аддалі даніну памяці тым, хто загінуў падчас Вялікай Айчыннай вайны, а потым перадалі памятныя экспанаты ў Бягомльскі музей народнай славы.
Таццяна КРЫЎКО,
загадчык сектара па нестацыянарных формах абслугоўвання насельніцтва раённага Цэнтра культуры.

