Шаркаўчане паспяхова выступілі на свяце-конкурсе “Песні сунічных бароў-2021”

Актуальное

Надзея Вайцюль, Алена Калесніковіч і Ала Міхайлава
Надзея Вайцюль, Алена Калесніковіч і Ала Міхайлава

19 чэрвеня ўдзельнікі народнага літаратурна-музычнага аб’яднання “Світанак” Надзея Вайцюль і Алена Калесніковіч разам з кіраўніком Алай Міхайлавай прынялі ўдзел у XIII абласным  самадзейных паэтаў і кампазітараў “Песні сунічных бароў-2021” , прысвечаным Году народнага адзінства, у г. п. Лёзна.
На мерапрыемстве прысутнічалі дэлегацыі з 20 раёнаў. Больш за сто ўдзельнікаў конкурснай праграмы прадэманстравалі свае аўтарскія творы ў розных намінацыях.
Праграма конкурснага дня была насычанай. Пачалося свята з тэатралізаванага шэсця ўдзельнікаў і гасцей свята ад Цэнтральнай плошчы, дзе віталі лёзненцы гасцей і ўдзельнікаў свята сунічнымі караваямі, да парка Школьны. Тут адбыўся адкрыты агляд-конкурс паэтычных клубаў вобласці, у якім прынялі ўдзел 15 літаратурных аб’яднанняў. Народнае літаратурна-музычнае аб’яднанне “Світанак” у намінацыі “Прэзентацыя клуба” адзначана дыпломам III ступені.
У конкурснай праграме свята прынялі ўдзел каля 40 самадзейных паэтаў і кампазітараў вобласці. Шаркаўшчынскі край праслаўлялі на Лёзненшчыне Алена Калесніковіч і Надзея Вайцюль у намінацыі “Аўтарскі верш”. Удзельнікі з кожнага раёна атрымалі хатняе заданне — зрабіць сунічны сувенір у падарунак Лёзненшчыне. “Світанак” падарыў сунічку з гліны, якую зрабіў ганчар з Германавіч Сяргей Рымдзёнак спецыяльна для гэтага свята. Шаркаўчане таксама атрымалі памятны падарунак ад гаспадароў свята.
У конкурснай праграме нашы ўдзельнікі чыталі па два свае вершы. Алена Калесніковіч была ўзнагароджана дэбютным дыпломам “За ўдзел” у намінацыі “Аўтарскі верш”, а Надзея Вайцюль стала пераможцай у гэтай жа намінацыі і атрымала дыплом I ступені.
Пасля цырымоніі ўзнагароджвання і падвядзення вынікаў усе ўдзельнікі свята прынялі ўдзел у святочным мітынгу, прысвечаным 80-годдзю пачатку Вялікай Айчыннай вайны, на якім запалілі лампадкі і ўсклалі кветкі да мемарыяла “Адаменская горка”. Тут жа прайшла акцыя “Зорка памяці”.
Развітваліся да новых сустрэч канкурсанты каля вогнішча сяброўства. Госці і ўдзельнікі свята раз’ехаліся, а свята ў Лёзне яшчэ працягвалася.
Сяргей РАЙЧОНАК.