Як вызвалялі шаркаўшчынскі раён ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў

Патрыятычнае выхаванне

Карта операции Багратион (Копировать)Шаркаўшчынскі раён быў вызвалены ад нямецка-фашысцкіх акупантаў войскамі 1-га Прыбалтыйскага фронту ў ходзе Полацкай наступальнай аперацыі, якая разгортвалася на першым этапе вядомай аперацыі пад кодавай назвай «Баграціён». Было гэта летам 1944 года.
Баявыя дзеянні па вызваленні раёна вялі злучэнні 2-га гвардзейскага корпуса 6-й гвардзейскай арміі, 60-га стралковага корпуса 43-й арміі, 1-ы танкавы корпус і 46-я асобная механізаваная брыгада,
Асноўную задачу па вызваленні раёна выконвалі наступныя часці: 44-я мотастралковая брыгада, 89-я танкавая брыгада, 117-я танкавая брыгада, 10-ы асобны гвардзейскі мінамётны дывізіён, 108-ы мінамётны полк (1-ы танкавы корпус), 166-я стралковая дывізія, а ў яе складзе 1406-ы зенітна-артылерыйскі полк (2-і гвардзейскі корпус 6-й гвардзейскай арміі).
Галоўная лінія наступлення на праціўніка ішла ў напрамку ад Ветрына на Лужкі, дзе часці Чырвонай Арміі 30 чэрвеня 1944 г. замацаваліся на рубяжы Лужкі — Лучайка — Залессе. Далей баявыя злучэнні наступалі на Германавічы, Дзікева, Жукі Дальнія. Моцныя баі разгарнуліся за Германавічы, дзе праціўнік меў задачу не дапусціць пераправы войскаў Чырвонай Арміі цераз Дзісну. У гэтых баях актыўна ўдзельнічалі танкавыя брыгады, мінамётныя дывізіёны, якія падаўлялі жорсткае супраціўленне нямецкай артылерыі і авіяцыі. Мост цераз Дзісну быў захоплены часцямі 89-й танкавай брыгады.
Праславіліся пры абароне пераправы ў Германавічах зенітчыкі 1406-га палка. Яны мужна адбілі моцныя атакі нямецкай авіяцыі, не дапусцілі знішчэння моста цераз Дзісну і спынення руху калон нашых войскаў і тэхнікі.
Батарэя капітана Сяргея Міхайлавіча Прохарава адбіла атакі дзясяткаў варожых самалётаў. Калоны воінскіх часцей і тэхнікі страт не панеслі. Гераічныя зенітчыкі збілі ў тым баі 8 самалётаў. Мужнасць пры выратаванні палковага сцяга праявілі капітан Макар Іванавіч Клюйко, старшы лейтэнант Міхаіл Аляксеевіч Дзярабін, радавыя Мікалай Іванавіч Земскі і Аляксей Фёдаравіч Шырокаў.
Ад Германавіч наступленне развівалася на Шаркаўшчыну. Было гэта раніцай 1 ліпеня 1944 г. Праціўнік адступаў, але аказваў упартае супраціўленне. Баі адбыліся на рубяжах Шышкі, Пашкі, фальварак Шмель.
1 ліпеня 1944 г. у 15.00 часцямі 44-й мотастралковай брыгады пад камандаваннем Аляксандра Іванавіча Халаева фашысцкія войскі былі выбіты з Шаркаўшчыны. Далей 44-я брыгада, 108-ы мінамётны полк, 10-ы дывізіён і іншыя злучэнні выступілі ў напрамку Шаркаўшчына — Ёды, Браслаў, Дзвінск з задачай фарсіраваць Заходнюю Дзвіну і да канца 4 ліпеня 1944 г. завалодаць горадам Дзвінск.
За ўзорнае выкананне баявых заданняў за перыяд з 23 чэрвеня 1944 г. па 31 ліпеня 1944 г. у 44-й мотастралковай брыгадзе былі ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі 1346 чалавек, а камандзір брыгады падпалкоўнік Аляксандр Іванавіч Халаеў — ордэнам Суворава II ступені.
Войскі 6-й гвардзейскай арміі да канца дня 3 ліпеня 1944 г. з баямі выйшлі на рубеж Дрыса, Міёры, возера Укля, Ёды, Журавоўшчына.
Але і пасля вызвалення Шаркаўшчыны нямецкая авіяцыя яшчэ рабіла налёты на райцэнтр. Так, 4 ліпеня 1944 г. самалёты праціўніка бамбілі калону 89-й танкавай брыгады на маршы і пераправу цераз Дзісну. На працягу трох налётаў мост у Шаркаўшчыне быў разбураны. У час бамбёжкі моста гераічнай смерню загінуў маёр Нікіцюк, які, нягледзячы на бомбавы шквал, імкнуўся навесці парадак на пераправе.
Мужнасць і бясстрашнасць праявіў лейтэнант Пётр Сяргеевіч Дзядзюрын у час бою з варожай авіяцыяй у Шаркаўшчыне. 4 ліпеня 2-я батарэя 1406-га палка пасля доўгага і стамляючага маршу прыкрывала ў раёне станцыі Шаркаўшчына чыгуначны мост і рух ваенных калон і тэхнікі. У 14.20 з’явілася 18 фашысцкіх самалётаў. Батарэя адкрыла інтэнсіўны агонь і не дала праціўніку скінуць бомбы на цэль.
Пасля перагрупоўкі самалёты абстралялі батарэю гарматна-кулямётным агнём. Трапным агнём узвод Дзядзюрына збіў два ФВ-190. Дзядзюрын за мужнасць і адвагу ўзнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі.
У раёне памятаюць герояў-вызваліцеляў. Імёнамі Аляксандра Халаева, Сяргея Прохарава, Макара Клюйко, Міхаіла Дзярабіна названы вуліцы ў Шаркаўшчыне, Германавічах. Пастаўлены абеліскі ў гонар воінаў. У Германавічах, на месцы былых пазіцый батарэй 1406-га палка, устаноўлена як помнік 37-міліметровая зенітная гармата.
У час Вялікай Айчыннай вайны была разбурана народная гаспадарка раёна. Зруйнавана і вывезена ў Германію 709 жылых дамоў, 1130 гаспадарчых пабудоў, знішчана 1276 сельгасмашын, 2655 галоў коней, 7785 галоў буйной рагатай жывёлы, 4558 свіней, 9450 авечак. Выведзены са строю чыгунка, хлебапякарня, 3 цеплавыя заводы, 4 млыны, фанерны, лесапільны заводы. Была разрабавана, знішчана маёмасць сялянскіх і першых калектыўных гаспадарак, разбураны школы, клубы, бібліятэкі. Агульныя страты, нанесеныя раёну за гады Вялікай Айчыннай вайны, складаюць 35—70 мільенаў рублёй (у грашовым вылічэнні 1946 г.). Амаль кожная сям’я панесла людскія страты.
(Матэрыял з кнігі “Памяць”).