Драўляныя скульптуры Юрыя Матуля адправяцца ў нацыянальны парк “Нарачанскі”

Добраўпарадкаванне

IMG_8996 (Копировать)З даўніх часоў нашы продкі займаліся рамесніцтвам: выраблялі посуд, прылады працы, мэблю, адзенне і іншыя рэчы. Рамесніцкая дзейнасць не губляе сваёй актуальнасці і ў цяперашні час. Шматлікія жадаючыя афармляюць адпаведныя дакументы ў падатковых органах і на афіцыйнай аснове займаюцца любімай справай.
Усім шаркаўчанам добра вядома імя Юрыя Матуля. Усё сваё працоўнае жыццё Юрый Часлававіч прысвяціў педагагічнай справе. Пасля атрымання адукацыі ён працаваў у розных школах нашага раёна. Шмат год з’яўляўся дырэктарам Велікасельскай ДС—СШ. У цяперашні час Юрый Часлававіч там настаўнічае.
Яшчэ ў юнацтве мужчына захапіўся малюнкам, разьбой па дрэве. Гэта захапленне з цягам часу перарасло ў прафесію. У навучальных установах ён выкладаў маляванне і працоўнае навучанне. Мы, вучні, з ахвотай хадзілі на заняткі да таленавітага педагога, калі ў 1987 годзе ён працаваў у Слабадской сярэдняй школе.
Зусім нядаўна, праходзячы каля сядзібы Юрыя Часлававіча, я ўбачыў вялізныя фігуры (у чалавечы рост) воўка і мядзведзя, высечаныя з дрэва. Адразу зацікавіўся, адкуль такі цуд.

IMG_9001 (Копировать)— Ведаеце, пару тыдняў назад да мяне прыехалі прадстаўнікі нацыянальнага парка “Нарачанскі”, — патлумачыў мой суразмоўца. — Яны даведаліся, што я займаюся разьбой па дрэве, таму і вырашылі зрабіць у мяне заказ на выраб вось гэтых казачных персанажаў. Работа гэта, канечне ж, карпатлівая, але мне прыносіць задавальненне. Я даў сваю згоду на іх прапанову і ў сціслыя тэрміны, выкарыстоўваючы разцы, рубанкі, іншыя інструменты мне ўдалося ажыццявіць задуманае. У выніку цяпер тэрыторыю нацыянальнага парка “Нарачанскі” будуць упрыгожваць зробленыя мною драўляныя мядзведзь і воўк.
Асабіста для сябе лічу, што кожны чалавек на зямлі павінен сваімі справамі прыносіць карысць грамадству. Ужо зусім хутка мае казачныя героі адправяцца на Мядзельшчыну, а я, у сваю чаргу, буду чакаць новыя заказы.
Сяргей РАЙЧОНАК.