Жніво—2021: У гаспадарках раёна заканчваюць уборку азімага рапсу

Сельское хозяйство

кіраўнік ААТ “Ельня-Агра” Міхаіл Якімовіч і камбайнер Віталій Хрол
кіраўнік ААТ “Ельня-Агра” Міхаіл Якімовіч і камбайнер Віталій Хрол

У сярэдзіне тыдня на апошніх гектарах ідзе абмалот азімага рапсу ў гаспадарках раёна. Своечасова справіліся з яго ўборкай і аграрыі ААТ “Ельня-Агра”, намалаціўшы амаль 200 тон гэтай культуры.
— Азімы рапс у нас быў пасеяны на плошчы 137 гектараў, — кажа кіраўнік гаспадаркі Міхаіл Якімовіч. — Сярэдняя ўраджайнасць склала крыху больш за 14 цэнтнераў з гектара. Гэта нядрэнны паказчык, хоць мы і разлічвалі на большую лічбу. Абмалотам рапсу займаліся камбайнеры Аляксей Малыш і Віталій Хрол. Пасля ачысткі і дасушкі зерне гэтай культуры здавалі на Віцебскі маслаэкстракцыйны завод. Частку зерня пакінулі для будучай сяўбы.
Цяпер у нас наперадзе масавае жніво. У наяўнасці маем пяць камбайнаў. Убраць трэба будзе 839 гектараў зерневых і зернебабовых культур. Такім чынам нагрузка на адзін камбайн складзе 168 гектараў. Тут адмоўным фактарам з’яўляецца тое, што тэхніка працуе ўжо больш за дзесяць год, ламаюцца вузлы і механізмы. Тым не менш, дзякуючы стараннасці і прафесіяналізму камбайнераў, спецыялістаў інжынернай службы, мы плануем у тэрмін закончыць жніво і без страт сабраць вырашчаны ўраджай. Дарэчы, сёлета пшаніца на нашых палях абяцае добры намалот. Гэта, у сваю чаргу, дае надзею на фінансавы дабрабыт як гаспадаркі ў цэлым, так і кожнага нашага работніка.
Сяргей РАЙЧОНАК.

IMG_9734 (Копировать) IMG_9737 (Копировать) IMG_9740 (Копировать)