Уладзімір Матвееў узяў пад кантроль пытанні, якія хвалююць жыхароў Шаркаўшчынскага раёна

Актуальное

IMG_9788 (Копировать)22 ліпеня ў Іёдскім сельвыканкаме “прамую тэлефонную лінію” і прыём грамадзян правёў член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, генеральны дырэктар камунальнага праектна-рамонтна-будаўнічага ўнітарнага прадпрыемства “Віцебскаблдарбуд” Уладзімір Матвееў.
Разам з ім прысутнічалі старшыня раённага Савета дэпутатаў Уладзімір Шпец, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Людміла Стома і дырэктар ДРБУ № 131 Вячаслаў Гарбузаў.
Якія ж праблемы на сённяшні дзень хвалююць жыхароў вёсак, размешчаных на тэрыторыі сельсавета?
У аграгарадку Іёды ў мінулым годзе быў пакладзены новы афальт на некаторых цэнтральных вуліцах. Вяскоўцы заклапочаны тым, што стан дарожнага пакрыцця 600-метровым адрэзку вуліцы Першамайскай не здавальняе і патрабуе рамонту. Уладзімір Сямёнавіч запэўніў, што пры наяўнасці фінансавых сродкаў у Шаркаўшчынскім ДРБУ № 131 дадзены ўчастак дарогі будзе адрамантаваны ў першую чаргу.
Тыя грамадзяне, якія ўтрымліваюць у сваёй гаспадарцы буйную рагатую жывёлу, у прыватнасці, кароў, здаюць лішкі малака дзяржаве. Гэта для вяскоўцаў заўсёды з’яўлялася дадатковым фінансавым прыбыткам. Але Глыбоцкі малочна-кансервавы камбінат несвоечасова разлічваецца за здадзеную прадукцыю як з малаказборшчыкамі, так і непасрэдна з грамадзянамі, якія здаюць малако. Безумоўна, сітуацыя патрабуе вырашэння на ўзроўні вобласці. Гэта і падкрэсліў Уладзімір Матвееў.
На “прамую тэлефонную лінію” паступіла некалькі тэлефанаванняў. У прыватнасці, жыхар вёскі Гарадзец Лужкаўскага сельсавета Іван Новікаў выказаў сваё абурэнне тым фактам, што ў водаахоўнай зоне ракі Мнюта вядзецца знішчэнне баршчавіка Сасноўскага ядахімікатамі. На яго думку гэта наносіць шкоду пойме ракі, а таксама садавіне і гародніне, якая расце на суседніх прыватных зямельных участках. Уладзімір Сямёнавіч паабяцаў дэталёва разабрацца ў дадзенай праблеме.
Наступнае тэлефанаванне паступіла ад жыхаркі вёскі Баяры Германавіцкага сельсавета Вольгі Малыш. Жанчына заклапочана тым, каб аўтобус па маршруце Шаркаўшчына—Полацк ажыццяўляў свой рэйс па нядзелях з заездам у вёску Баяры, каб жыхары навакольных вёсак ў гэты дзень мелі магчымасць трапіць у Полацк, а ўвечары вярнуцца назад. На дадзены момант рэйс аўтобуса ажыццяўляецца па пятніцах з Шаркаўшчыны праз Германавічы ў напрамку аг. Лужкі. Уладзімір Сямёнавіч будзе вырашаць гэта пытанне на ўзроўні кіраўніцтва прадпрыемства “Віцебскаблаўтатранс”.
— Сёння вельмі важна прыслухоўвацца да праблем кожнага чалавека, — падкрэсліў Уладзімір Матвееў. — Толькі сумеснымі намаганнямі можна вырашыць шматлікія пытанні, аказаць дапамогу грамадзянам. Менавіта на гэта і скіравана дзейнасць дэпутатаў.
Сяргей РАЙЧОНАК.

IMG_9781 (Копировать)