Кожны рэгіён нашай краіны славіцца сваімі знакамітымі землякамі, культурна-масавымі мерапрыемствамі. Напрыклад, на Глыбоччыне праходзіць міжнароднае свята “Вішнёвы фестываль”, на Браслаўшчыне — “Браслаўскія зарніцы”, у Міёрах — “Жураўлі і журавіны Міёрскага краю”, у суседніх з намі Паставах — міжнародны фестываль народнай музыкі “Звіняць цымбалы і гармонік”. Не выключэннем з’яўляецца і наш раён, дзе жыў і працаваў вядомы садавод-аматар Іван Сікора. У яго гонар на гасціннай шаркаўшчынскай зямлі ладзіцца “Яблычны фэст”.
25 ліпеня Шаркаўшчына прымала ўдзельнікаў рэспубліканскага семінара “Брэнд рэгіёна”. Прадстаўнікі ўстаноў культуры з кожнай вобласці 24 ліпеня наведалі міжнароднае свята “Вішнёвы фестываль” у Глыбокім, а на наступны дзень завіталі ў наш раён. Хлебам-соллю іх гасцінна віталі на пляцоўцы раённага Цэнтра культуры. У фае ўстановы майстры народнага клуба “Талака” прадэманстравалі, якія рамёствы былі распаўсюджаны ў нашым рэгіёне ў мінулыя часы. Для жадаючых былі праведзены майстар-класы па пляценні паясоў, вырабе выцінанак, лялек, гліняных цацак і посуду, па саломапляценні і іншых рамёствах, якія адраджаюцца ў Шаркаўшчынскім раёне.
У наступнай частцы праграмы ўдзельнікі семінара мелі магчымасць больш падрабязна, прагледзеўшы відэафільм, даведацца пра гісторыю, развіццё і сённяшні дзень Шаркаўшчынскага раёна.
З прывітальным словам да гасцей звярнуўся намеснік старшыні райвыканкама Юрый Васілеўскі. Акрамя аповеда пра тое, чым славіцца наш рэгіён, сацыяльна-эканамічных паказчыкаў, Юрый Анатольевіч больш падрабязна спыніўся на свяце “Яблычны фэст”, якое стала брэндам нашага краю. Свой пачатак яно бярэ са жніўня 1999 года, калі ўрачыста быў адкрыты мемарыяльны музей садавода-селекцыянера Івана Сікоры ў Малых Алашках. З таго часу мерапрыемства праводзіцца кожны год, змяняючы і пашыраючы свой фармат. Свята аб’ядноўвае людзей з розных куткоў Беларусі і замежжа. Аб’ядноўвае мелодыю і паэтычнае слова, умацоўвае сяброўства паміж народамі, дорыць радасць сустрэчы і добры настрой. На мерапрыемстве святары асвячаюць садавіну і гародніну новага ўраджаю, тут працуюць пляцоўкі народных майстроў, праходзяць майстар-класы па побытавых танцах, па выпяканні бліноў на калодзе і шмат іншага. А на развітанне госці частуюцца яблычным варэннем.
Работнікі і ўдзельнікі гурткоў мастацкай самадзейнасці ўстаноў культуры гарпасёлка і раёна прадэманстравалі невялікую праграму. Сваім песенным, танцавальным і паэтычным майстэрствам падзяліліся народнае аматарскае аб’яднанне авангарднай моды “Гармонія” Германавіцкага ЦК і НТ, народнае літаратурна-музычнае аб’яднанне “Світанак”, узорны тэатр эстраднай песні “Маленькая фея” раённага Цэнтра культуры.
Шмат новага і цікавага ўдзельнікі семінара даведаліся пры наведванні мастацка-этнаграфічнага музея імя Язэпа Драздовіча ў Германавічах. Супрацоўнікі ўстановы культуры правялі экскурсію, падрабязна расказалі пра жыццё і творчасць нашага знакамітага земляка. Акрамя гэтага яшчэ прайшлі па гістарычных мясцінах мястэчка, наведалі стараверскую Свята-Успенскую царкву, убачылі касцёл Перамянення Пана.
Як вядома, часткова на тэрыторыі нашага раёна знаходзіцца гідралагічны заказнік рэспубліканскага значэння “Ельня”. У Германавіцкай дзіцячы сад—сярэдняй школе маецца сучасны экалагічны клас па вывучэнні флоры і фаўны не толькі нашай мясцовасці, але і краіны ў цэлым. Гасцям было цікава даведацца, як стваралася экасістэма Беларусі і, у прыватнасці, Шаркаўшчынскага раёна.
Удзельнікі рэспубліканскага семінара атрымалі добрае ўражанне ад убачанага і вярталіся дадому з добрым, пазітыўным настроем.
Сяргей РАЙЧОНАК.