Майстэрства ткацтва

Актуальное

за кроснамі І. І. Касарэўская
старажылы Жукоўшчыны З. І. Талапіла, І. І. Касарэўская, М. Г. Мажэйка, М. К. Мажэйка

Газета пісала ўжо пра аматара даўніны, які збірае старадаўнія рэчы і мае свой, неафіцыйны музей. Гэта Іосіф Леанідавіч Квач з Жукоўшчыны. Кожную з набытых рэчаў ён хоча ўзнавіць, даведацца для чаго яна патрэбна была людзям і як ёй карысталіся.

Яшчэ ў другой палове 20-га стагоддзя ткацтва паўсюдна было распаўсюджана па Беларусі. Аднак паступова стала саступаць свае пазіцыі машыннай вытворчасці. Хочацца адзначыць, што менавіта ў 2012 годзе спаўняецца сто гадоў, як былі адкрыты ткацкія школы ў нашых суседзяў, на Браслаўшчыне. Працавалі яны ў вёсках Дрысвяты, Далёкія, Мурмішкі, Пагошча. Майстрыхі ткалі розныя рэчы пад заказ. Што мы маем сёння? Акрамя Германавіцкага Дома рамёстваў, дзе працуе Ганна Рымдзёнак (гэтаму рамяству яна вучыць і дзяцей), практычна ніхто ў раёне ткацтвам не займаецца.

Іосіф Леанідавіч збіраў экспанаты для свайго прыватнага музея па суседніх вёсках. І пераканаўся, што амаль у кожнай старой хаце на гарышчы можна знайсці ніты, бёрды, навоі, часткі ткацкіх станкоў. Сабраўшы патрэбныя рэчы, яму і самому захацелася мець ткацкі станок. І не проста, каб ён быў сабраны, а мог яшчэ і працаваць. Добра, што ў нас яшчэ жывуць майстрыхі, якія ведаюць як наладзіць станок, каб ён працаваў бездакорна. Дапамаглі Іосіфу Леанідавічу ў гэтым Міраіда Генадзьеўна Мажэйка і Ірына Іосіфаўна Касарэўская. А навучыліся яны гэтаму некалі ў старэйшых людзей. Міраіда Генадзьеўна ў сваёй маці Антаніны, а Ірына Іосіфаўна ў свекрыві Настассі. У свой час яны былі слыннымі майстрыхамі ва ўсёй жукоўшчынскай акрузе. Навесці кросны — няпростая справа. Давялося жанчынам шмат “паваражыць” над прыладамі, каб прыгадаць усё да драбніц. А самае галоўнае, што Міраіда Генадзьеўна захавала гатовую аснову, якую гадоў з 30 назад падрыхтавала для вырабу дарожак. Так і ляжала яна без справы.

Навіць аснову на навой, заправіўшы яе ў чыноўкі і бёрды, укінуць у ніты, затым зноў у бёрды, злучыць пасмы са стыкальнікам — на ўсё гэта жанчынам спатрэбілася каля двух дзён. Зараз на тым станку ўжо можна працаваць. Справа гэта адказная і патрабуе пэўнага вопыту і спрыту. Для навічка не заўсёды чаўнок пралятае праз увесь зеў, ногі не знаходзяць патрэбныя панажы…

Заправілі майстрыхі самае простае — дарожку ў два ніты. А ткалі раней жанчыны і ў 6, і ў 8 нітоў. Запраўляць у ніты пры гэтым трэба па напісанай схеме. Неабходна было правесці арыфметычныя разлікі, каб зрабіць, як след, пралічыць і не прапусціць ніводнай нітачкі, каб узор выглядаў дасканала, акуратна і прыгожа. Вось наколькі ўсё гэта складана! А раней жа такую работу маглі рабіць усе вясковыя жанчыны. У кагосьці атрымлівалася прафесійна, у іншых крыху няўдала. Тады ішлі ў час зімовых вячорак адна да адной за вопытам. Рыхтавалі маці дочкам пасаг. Дастаткова ўявіць, што за сезон жанчына магла выткаць да 100 аршынаў (70 метраў) палатна. А каб аснаваць кросны, на хаду запраўляючы ніткі на снуллі, за дзень даводзілася прайсці па хаце да 15 кіламетраў.

Цяпер сельскія гаспадыні вызвалены ад гэтай цяжкай працы. Саматканыя посцілкі, дарожкі ды ручнікі можна знайсці толькі ў старэнькіх бабуль. Яны ж іх берагуць, так як і ткацкі рыштунак. Канечне, саматканыя рэчы ў нечым саступаюць сучасным тканінам, але гэта жывыя рэчы, у якіх укладзены душы майстрых — такіх, як Міраіда Генадзьеўна і Ірына Іосіфаўна. Рабочы станок цяпер можа расказаць намнога больш пра жаночыя тайны.

Хачу сказаць, што калі я была на Брэстчыне, у прыватнасці, у Ганцавічах, там гэты від промыслу больш распаўсюджаны, чым у нас. Асаблівым попытам карыстаюцца саматканыя, а таксама вышытыя ручнікі. Ніводная ўрачыстаць там не абыходзіцца без падораных прыгожых ручнікоў сваёй работы.

Іосіф Леанідавіч адзначае, што музею падарылі шмат экспанатаў Алімпіяда Ягораўна Райчонак і Зоя Іванаўна Талапіла. Непераўзыйдзеным экспертам у справе распазнання экспанатаў і функцый, якія яны выконвалі, з’яўляецца Мікалай Канстанцінавіч Мажэйка. Дарэчы, усе гэтыя вяскоўцы ў малым узросце перажылі страшнае ваеннае ліхалецце. Але яны і сёння застаюцца вясёлымі, спагадлівымі, добразычлівымі, працавітымі, цэняць жыццё і вучаць гэтаму маладых.

Вопыт, веды і культура, якія яны нясуць, не павінны быць страчаны, каб захаваць сувязь пакаленняў.

Падрыхтавала Кацярына СОСНА.

Фота Іосіфа КВАЧА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *