Пісьменніку Герману Кірылаву — 75 гадоў

Актуальное

15 снежня споўнілася 75 гадоў беларускаму пісьменніку, журналісту Герману Іларыёнавічу Кірылаву. З поўным правам можна назваць яго шаркаўчанінам: на шаркаўшчынскай зямлі ён нарадзіўся, тут прайшло яго юнацтва, тут ён пачынаў працоўны шлях. Пра вядомага земляка расказвае Кліменцій Арсеньевіч Кожан, які, дарэчы, з’яўляецца яго добрым сябрам:

— Нарадзіўся Герман Іларыёнавіч Кірылаў 15 снежня 1937 года ў мястэчку Шаркаўшчына Дзісенскага павета ў сям’і дробнага рамесніка. Бацька працаваў пільшчыкам, маці была хатняй гаспадыняй. Герман быў чацвёртым дзіцяці ў сям’і. Бацькі пастаянна думалі, як забяспечыць больш надзейныя сродкі для жыцця. Бацьку пашанцавала добра зарабіць падчас пракладкі палякамі чыгункі на Друю на пілоўцы шпалаў. Ён змог пабудаваць у Шаркаўшчыне нядрэнную хату. Але сям’я ў ёй жыла нядоўга: бацькі спакусіліся на абмен. Чыноўнік з Польшчы мяняў некалькі гектараў зямлі, якая была выдзелена яму ў Шкунціках за заслугі перад Польскай дзяржавай, на хату ў мястэчку. Абмен адбыўся, і ў 1939 годзе сям’я Кірылавых пераехала ў Шкунцікі. Жылі кутнікамі, паціху абжываліся. Жыхары Шкунцікаў прынялі перасяленцаў з добрай душой.

17 верасня 1939 года Чырвоная Армія ўступіла на тэрыторыю Заходняй Беларусі. У Шкунціках пачаў дзейнічаць сельсавет, працавала школа-сямігодка. На парадку дня стаяла калектывізацыя сялянскіх гаспадарак, але пачалася вайна з фашысцкай Германіяй. Шкунцікі знаходзіліся воддаль лясных масіваў. Вёску не закранулі баявыя дзеянні і карныя экспедыцыі акупантаў. Уцалелі млын, мост, школа.

Пад канец лета 1944 года, пасля вызвалення ад акупантаў, у Шкунціках сабралі больш за паўсотні мужчын, зрабілі пераклічку і калонай павялі іх у бок Шаркаўшчыны, каб потым адправіць на фронт. Сярод іх быў быў і бацька Германа Кірылава. Маці давялося адной спраўляцца па гаспадарцы.

1 верасня 1944 года Герман пайшоў вучыцца ў Шкунцікаўскую школу. На ўвесь клас быў адзін буквар. Мала ў каго была ручка, аловак, адсутнічалі сшыткі. Герман адхварэў больш за месяц, але ў другі клас яго перавялі. А тым часам увосень 1945 года вярнуўся з арміі бацька. Пасля заканчэння Шкунцікаўскай сямігадовай школы ў 1951 годзе Герман перайшоў у Шаркаўшчынскую сярэднюю школу. У гэты час бацькі вырашылі вярнуцца ў Шаркаўшчыну. Сям’я жыла ў наёмным памяшканні. Пазней бацька пачаў будаваць дом на новай тады вуліцы Лысенкі (цяпер вуліца Ф. Скарыны).

Скончыўшы школу ў 1954 годзе, Герман паступіў на аддзяленне журналісцікі пры філалагічным факультэце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Скончыў яго ў 1959 годзе і пачаў працаваць літработнікам у рэдакцыі Шаркаўшчынскай раённай газеты, якая тады называлася «Калгасны шлях». У 1960 годзе быў абраны другім, у 1961 годзе — першым сакратаром райкама камсамола. Пасля скасавання Шаркаўшчынскага раёна ў 1962 годзе вярнуўся на журналісцкую працу. Працаваў загадчыкам аддзела пісьмаў, потым загадчыкам аддзелаў сельскай гаспадаркі, партыйнага жыцця, намеснікам рэдактара Міёрскай міжраённай газеты «Сцяг працы». У 1965 годзе Германа Кірылава накіравалі намеснікам рэдактара ў Полацкую газету «Сцяг камунізму». На гэтай пасадзе ён працаваў да 1976 года, а потым быў уласным карэспандэнтам абласной газеты «Віцебскі рабочы” у Полацку. З 1995 па 1999 працаваў карэспандэнтам шматтыражнай газеты «Трудовая смена» Полацкага вытворчага аб’яднання «Шкловалакно».

Мастацкія творы Герман Кірылаў пачаў друкаваць з 1974 года. Першая значная літаратурная публікацыя — апавяданне «Без крыўды ў сэрцы» (часопіс «Маладосць»). У 1978 годзе ў часопісе «Беларусь» выйшла апавяданне «Татава пілотка». У тым жа годзе было надрукавана апавяданне «Адажыо», у часопісе «Маладосць» змешчана аповесць «Сонца тваіх вачэй». У 1983 годзе ў выдавецтве «Мастацкая літаратура» выйшла кніга апавяданняў «Падлётак». Большасць з іх — пра вайну. І гэта зразумела: аўтар бачыў яе на ўласныя вочы.

У 1989 годзе ў выдавецтве «Мастацкая літаратура» выйшаў раман «Пах жыта», у якім расказваецца пра падзеі ў Заходняй Беларусі ў 1939 годзе. А ў сваёй кнізе «Гарт. З успамінаў пра Саюз Беларускіх патрыётаў» (Глыбокае, Паставы, 1945-1947 гг.) аўтар узняў трагічную і складаную тэму. У ёй расказваецца пра Саюз Беларускіх патрыётаў — падпольную маладзёжную арганізацыю, якая ўзнікла восенню 1945 года сярод студэнтаў Глыбоцкага і Пастаўскага педвучылішчаў і была разгромлена савецкімі карнымі органамі. У кнізе «Гарт» сабраныя ўспаміны 12 удзельнікаў СБП.

У часопісе «Полымя» за 2000 год надрукавана аповесць «Піраміда».

Працягвае ствараць Герман Кірылаў і цяпер, ён піша таксама п’есы, нарысы, гумарэскі, рэцэнзіі.

Мне давялося вучыцца з Германам у адным класе Шкунцікаўскай школы, нас звязваюць гады сяброўства. Хочацца павіншаваць юбіляра з 75-годдзем, пажадаць моцнага здароўя, натхнення і плёну ў далейшай літаратурнай творчасці.

Падрыхтаваў Андрэй БУРЭЦ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *