
У свеце налічваецца вялікая колькасць будаўнічых прафесій. Архітэктары ствараюць планы забудоў, праекціроўшчыкі — дамоў, іншых пабудоў; сцены ўзводзяць муляры, унутранымі работамі займаюцца дызайнеры, цесляры, тынкоўшчыкі; на будаўнічай тэхніцы працуюць кранаўшчыкі, вадзіцелі, трактарысты. Адказнасць за якасць жылля ляжыць на плячах усіх будаўнікоў. І калі яны сваю справу выконваюць з душой, то і працаваць, і жыць у такіх будынках прыемна і ўтульна.
Будаўнічая галіна нашага раёна прадстаўлена перасоўнай механізаванай калонай № 68. На жаль, сёння арганізацыя перажывае не самыя лепшыя часы. У штаце налічваецца 65 работнікаў. Нягледзячы на шматлікія цяжкасці, будаўнікі ПМК-68 працуюць сумленна і старанна, знаходзяць новыя аб’екты для сваёй далейшай работы. Кіраўніцтва арганізацыі імкнецца захаваць людзям працоўныя месцы, павысіць заробкі.
— На сённяшні дзень нашы работнікі, у асноўным, працуюць на аб’ектах сельгаспрадпрыемстваў нашага і Міёрскага раёнаў, — кажа дырэктар ПМК-68 Васілій Зубовіч. — У ААТ “Буеўшчына” займаемся будаўніцтвам сянажных траншэй на жывёлагадоўчых фермах у аг. Іёды і Буеўшчына. Рыхтуем пляцоўку для выгулу КРС у в. Варонка. У аг. Іёды займаліся дэмантажом будынка былога дзіцячага сада. На тэрыторыі былога спіртзавода ў вёсцы Гарадзец зносілі некаторыя аварыйныя будынкі. На МТФ “Германавічы” ААТ “Княж” праводзілі дэмантаж старога жывёлагадоўчага памяшкання, на яго месцы будзе ўзведзена новае. У ліпені прайшла віхура, якая вельмі пашкодзіў жывёлагадоўчую ферму ў в. Старое Сяло ААТ “Агратэхсэрвіс”. Цяпер работнікі нашай арганізацыі займаюцца рамонтам даху на ёй. Да таго ж вахтавым метадам працуем на завяршэнні будаўніцтва даільнай залы на МТФ “Нікалаёва” ў Міёрскім раёне.
За ўсе віды работ, якія мы выконваем у сельгаспрадпрыемствах, гаспадаркі, на жаль, не своечасова з намі разлічваюцца. Безумоўна, на гэта ёсць свае аб’ектыўныя прычыны. Але, каб разлік праходзіў у тэрмін, то і нашай арганізацыі было б значана лягчэй у фінансавым плане.
У суседнім Міёрскім раёне перасоўная механізаваная калона стала банкрутам. Цяпер там ідзе продаж маёмасці для ліквідацыі запазычанасці перад арганізацыямі. Мы ж стараемся трымацца на плаве, пастаянна знаходзімся ў пошуку новых аб’ектаў не толькі ў сваім раёне, але і за яго межамі. Нашы муляры і тынкоўшчыкі працавалі на ўзвядзенні 60-кватэрнага дома ў Паставах. Спадзяёмся, што ў кастрычніку мы зноў вернемся ў гэты горад на будаўніцтва чарговага жылога дома. На цяперашні момант заканчваем узвядзенне шматкватэрнага дома ў Глыбокім. Прадпрымаем шматлікія захады, каб знайсці неабходныя віды работ у Браславе.
Хоць працоўны калектыў нашай арганізацыі невялікі, кожны работнік стараецца працаваць дзеля яе дабрабыту. Адзін з такіх — машыніст аўтакрана Алег Яцына. Мужчына працуе ў нас ужо 16 год. Тэхніка ва ўмелых руках прафесіянала заўсёды дагледжаная і ў спраўным стане. Гэтага работніка мы заўсёды ставім у прыклад іншым.
У ПМК-68 не хапае інжынерна-тэхнічных спецыялістаў і работнікаў рабочых спецыяльнасцей, але мы не апускаем рукі і не спасуем перад цяжкасцямі. Упэўнены, што гэты складаны перыяд скончыцца і мы вернем свае былыя пазіцыі на будаўнічым рынку вобласці і рэспублікі.
Работнікам перасоўнай механізаванай калоны № 68 напярэдадні свята хачу выказаць словы ўдзячнасці за адданасць прафесіі і высакародную працу дзеля дабрабыту людзей. Віншую таксама ветэранаў будаўнічай галіны, якія працоўную частку свайго жыцця прысвяцілі нашай арганізацыі. Зычу ўсім моцнага здароўя, сямейнага дабрабыту, шчасця і ўсяго толькі самага найлепшага ў жыцці!
Сяргей РАЙЧОНАК.
