
Розныя лёсы чалавечыя. Адзін усё жыццё пражыве з сям’ёй, акружаны клопатам і ўвагай, іншых данімае адзінота, нямогласць, хваробы…
Цяпер, калі снегам замецены дарожкі да асабістага дома, калі за дровамі схадзіць, каб выпаліць у печы немагчыма, прынесці ваду са студні ў хату складана, прыбрацца няма сілы, на дапамогу такім людзям прыходзяць работнікі сацыяльнай службы. Яны не толькі могуць сагрэць у прамым сэнсе слова, а і цяплом сваіх душ, увагай і спачуваннем узняць настрой састарэлым, нямоглым.
Паслугамі сацыяльных работнікаў Шаркаўшчынскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва карыстаюцца амаль 400 адзінокіх пажылых людзей. Сярод іх — пяць ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, з 57 інвалідаў — 45 маюць першую і другую групу. Толькі ў сельскай мясцовасці 316 чалавек маюць патрэбу ў дапамозе сацыяльнай службы.
У аддзяленні сацыяльнай дапамогі на даму працуюць 48 сацработнікаў. Гэта людзі, адданыя сваёй справе, з добрай душой і гарачым сэрцам, якія прыходзяць на дапамогу людзям па два разы на тыдзень. А ў маразы трэба наведваць падапечных часцей. Некаторым сацработнікам за дзень даводзіцца пабываць у састарэлых адразу ў дзвюх—трох вёсках. На веласіпедзе, а часцей пешшу, яны дастаўляюць лякарствы, прадукты харчавання, выконваюць іншыя просьбы пажылых людзей. Гэта няпростая работа кладзецца на плечы, у асноўным, жанчын. Яны разумеюць, што іх дапамога жыццёва неабходная. У поўнай меры гэта адносіцца да І. А. Дубчонак, Н. З. Зінкевіч, В. А. Шуман, Л. І. Клімантовіч, Т. М. Квач, Н. Ф. Ластаўка.
Да ліку найбольш вопытных работнікаў, якія карыстаюцца вялікай павагай у тых, каго яны абслугоўваюць, і да таго ж яшчэ прымаюць актыўны ўдзел у грамадскім жыцці працоўнага калектыву, адносяцца М. А. Ананіч, Т. Я. Савік, А. І. Дэксніс, Т. В. Фёдарава, С. У. Фёдарава.
У тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва дзейнічаюць 5 структурных падраздзяленняў, дзе працуюць 97 чалавек. Начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама В. А. Малюгіна ў ліку лепшых адзначыла тых, хто мае вялікі стаж і вопыт работы ў сферы сацыяльнага абслугоўвання, добрасумленна выконвае свае абавязкі, гатовы заўсёды прыйсці на дапамогу людзям, якія аказаліся ў цяжкіх жыццёвых сітуацыях. Гэта дырэктар ТЦСАН С. М. Савейка, загадчыкі аддзяленняў Р. А. Більдзюга, А. М. Новікава, Т. М. Клімза, Н. Б. Хрол, І. В. Януш, спецыялісты А. Я. Юдыцкая, Ж. А. Альшэўская, медсёстры Н. Р. Брэская, В. І. Мацяс, сацыяльныя работнікі аддзялення кругласутачнага прабывання Л. А. Яфімава, Т. І. Жылко.
Са святам вас, работнікі сферы сацыяльнага абслугоўвання!
Кацярына СОСНА.
Фото Марыны ЖАКАЎКА.