
Традыцыйна Шаркаўшчынскі раённы цэнтр дзяцей і моладзі ў снежні з надыходам калядных і навагодніх святаў праводзіць выставу дзіцячай творчасці «Калядная зорка». Пра тое, што было прадстаўлена на ёй і дзе яна праходзіла, нам расказала культарганізатар цэнтра Алена Мікалаеўна Калесніковіч:
— Толькі першыя сняжынкі мякка апускаюцца на зямлю, як усе пачынаюць рыхтавацца да самых дзівосных святаў — Калядаў і Новага года. Блішчаць гірляндамі і ілюмінацыяй будынкі магазінаў і арганізацый раёна. Дарослыя выбіраюць падарункі, каб парадаваць родных і блізкіх сяброў. А дзеці? А дзеці ў гэты час уласнымі рукамі ствараюць цуды. Убачыць створанае хараство можна было на выставе «Калядная зорка». Яна працавала з 1 снежня. Спачатку работы былі прадстаўлены ў нашым цэнтры дзяцей і моладзі, пасля гэтага палюбавацца цікавымі і прыгожымі творамі маглі наведвальнікі ўніверсама «Родны кут», цэнтра банкаўскіх паслуг № 224 ААТ «ААБ «Беларусбанк», Шаркаўшчынскай сярэдняй школы № 1, храма “Усіх Смуткуючых Радасць”. Са здзіўленнем і захапленнем прыпыняліся каля выставы дарослыя, якіх, здаецца, цяжка чым-небудзь уразіць. А нехта нават пажадаў набыць штосьці з прадстаўленых работ. Каго і што толькі не ўбачыш на выставе?! Анёлы і Дзед Мароз, навагоднія шарыкі, маленькія елачкі, мяккія лялькі, святочныя карціны. Творы дзяцей зроблены якасна, з натхненнем, у розных відах тэхнікі: роспіс па шкле, тэкстыль, лепка з цеста, ізанітка, выцінанка і іншае. Сапраўды, палёт дзіцячай фантазіі і ўяўлення робіць вялікае ўражанне. Іх работы, як маленькія калядныя зоркі на небе, упрыгожваюць свята і ўздымаюць настрой.
Падрыхтаваў Андрэй БУРЭЦ.
Фота Марыны ЖАКАЎКА.
