Выдатнік аховы здароўя СССР, заслужаны ўрач БССР — так радзіма адзначыла працу Васілія Усцінавіча Забродскага — першага галоўнага ўрача Шаркаўшчынскага раёна. У 1948 г. і 1968 г. ён быў узнагароджаны граматамі Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР.
Людзі старэйшага пакалення добра памятаюць Васілія Усцінавіча Забродскага. Многім шаркаўчанам ён вяртаў жыццё. Таленавіты хірург, строгі і чуллівы чалавек, за сваю працоўную дзейнасць выратаваў ад смерці тысячы людзей.
Цікавы выпадак быў. Аднойчы я пазнаёмілася з жанчынай, якая была ў фашысцкім канцлагеры, Зінаідай Іванаўнай Байкоўскай, жыхаркай Шаркаўшчыны. Яна расказала аб тым, што нарадзілася ў вёсцы пад Смаленскам, дзе і прайшло яе дзяцінства. У час вайны ў іх вялікай хаце размяшчаўся ваенны шпіталь. Аперацыі параненым партызанам рабіў урач В. У. Забродскі, які быў “закінуты” туды з “вялікай зямлі”. І маці Зінаіды Іванаўны была ў яго памочніцай — мыла бінты, гатавала вар, падавала патрэбныя інструменты ў час аперацый. Так распарадзіўся лёс, што пасля вайны Зінаіда разам з маці трапілі ў Беларусь, непасрэдна ў Шаркаўшчыну. Наколькі было нечакана і прыемна, калі Васілій Усцінавіч і маці Зінаіды сустрэліся зноў, толькі ўжо ў бальніцы ў Шаркаўшчыне — жанчыне патрэбна была аперацыя.
Мясцовая краязнаўца Ада Эльеўна Райчонак адшукала ў архівах часопіс “Медицинский вестник» за 1 мая 1945 года, дзе быў змешчаны вялікі артыкул аб партызанскім доктары Васіліі Усцінавічы Забродскім, які ў партызанскай брыгадзе асобага прызначэння імя Леніна ўзначальваў санітарную службу. Карэспандэнтка пісала: “Ад яго я чула, як пры святле газнічкі або свечкі рабіў складаныя аперацыі. Калі замест наркозу скарыстоўваўся звычайны “пяршак”, перавязачным матэрыялам служыла льняная тканіна, а медыцынскі інструмент замянялі сталовы нож і звычайная піла. І стэрылізавалі прылады на вогнішчы. Пасля аперацый у такіх складаных умовах салдаты выжывалі. Напэўна, спрацоўвалі засцерагальныя сілы арганізма і воля чалавека — выжыць, выстаяць. Даводзілася партызанскаму хірургу ўдзельнічаць у дыверсійных аперацыях, трапляць пад бамбёжкі, прарывацца праз варожую аблогу. Было і такое, калі выводзіў з акружэння групу партызан без карты, толькі па компасу і размяшчэнню пянькоў у лесе”.
Вядомы шаркаўшчынскі мастак Віктар Крук напісаў карціну “В. У. Забродскі ў партызанскім атрадзе”, дзе яскрава адлюстраваў яго, як партызанскага хірурга.
Пасля вайны хірург родам з Віцебска, які ў свой час закончыў Віцебскі медыцынскі інстытут і Свярдлоўскую ваенна-медыцынскую акадэмію, быў накіраваны на працу ў Шаркаўшчыну. Уявіць цяжка, як на 32 тысячы насельніцтва раёна былі толькі два ўрачы! (Да яго з 1944 года працаваў урачом Герасімовіч).
Пачынаў сваю працоўную дзейнасць В. У. Забродскі на пасадзе галоўнага ўрача раённай бальніцы з 1946 года ў былым панскім маёнтку Базымполле. Няпроста было, акрамя лячэння хворых, яшчэ займацца і гаспадарчай дзейнасцю. А вялося ўсё прымітыўна — без электрычнага святла, тэлефона, галоўным транспартам заставаўся конь. Усялякія людзі траплялі ў бальніцу. Расказвала былая медсястра, цяпер пенсіянерка Надзея Васільеўна Паляк, што Васілій Усцінавіч хадзіў на працу з аўтаматам. А як іначай, калі пасля вайны сярод хворых маглі быць бандыты, здраднікі! Ён доктар і лячыць павінен быў кожнага хворага.
Цяжкасці, якія ўзнікалі, аб’ядноўвалі людзей, яны станавіліся больш спагадлівымі і цярплівымі. Хворыя спадзяваліся на хуткае выздараўленне, а работнікі бальніцы — на лепшыя ўмовы працы. В. У. Забродскі зрабіў незлічоную колькасць аперацый і толькі поласцевых больш як 10 тысяч і з добрым вынікам, бо побач з ім была верная сяброўка, памочнік і спецыяліст сваёй справы, аперацыйная сястра ваеннага шпіталя — жонка Бася Сямёнаўна.
А колькі радасці — сапраўднае свята было, калі ў бальніцы ўпершыню загарэлася электрычнае святло, калі набылі першую санітарную машыну! Затым наваселле справіў роддом. Адзін за адным сталі вырастаць у Базымполлі будынкі аддзяленняў: дзіцячае, інфекцыйнае, туберкулёзнае. І ва ўсіх гэтых справах прыкладваў свае намаганні, аддаваў душу і сэрца сапраўдны арганізатар спраў, галоўны ўрач бальніцы Васілій Усцінавіч Забродскі.
Шмат добрых успамінаў аб гэтым доктары можна пачуць ад людзей, якія жывуць і па сённяшні дзень. Праўда і тое, што ён гатовы быў аддаць сваю душу кожнаму хвораму, якому зрабіў аперацыю, каб той хутчэй стаў на ногі. Нават ноччу наведваўся да цяжка хворых.
В. У. Забродскі з гонарам прайшоў па жыцці, ні разу не парушыўшы клятвы Гіпакрата.
Як бы ён радаваўся, каб дажыў да гэтага часу і ўбачыў такі прыгожы будынак новай бальніцы, аб якой марыў усё сваё жыццё!
Падрыхтавала Кацярына СОСНА.

Liels paldies, Vasilijs Ustinovičs, jūs man ļoti palidzēja.jūsu bijušajs pacijēnts no Latvija. Oļegs Lisjonoks.