Ва ўстановах культуры і адукацыі на мінулым тыдні прайшоў шэраг мерапрыемстваў, прысвечаных Дню народнага адзінства. Не выключэннем стала і дзіцячая бібліятэка гарадскога пасёлка. Бібліятэкар Людміла Казіцкая правяла цікавае і змястоўнае мерапрыемства — віктарыну “Славянскія карані — наша адзінства”.
Гледачамі і ўдзельнікамі праграмы сталі вучні 6 “А” класа сярэдняй школы №1 і класны кіраўнік Таццяна Фядотава. Людміла Аляксандраўна расаказала дзецям пра паходжанне славянскіх плямён-протанароднасцей — крывічоў, дрыгавічоў, радзімічаў, якія ў мінулым насялялі тэрыторыю сучаснай Беларусі. Менавіта яны, аб’яднаўшыся ў княствы, стаялі каля вытокаў нашай дзяржаўнасці. Яшчэ бібліятэкар паведаміла такі гістарычны факт, што славянскія народы дзеляцца на заходніх, паўднёвых і ўсходніх. Мы, беларусы, адносімся да группы ўсходніх славян. Разам з намі ў гэтай групе ёсць расіяне і ўкраінцы. У нас з імі падобныя мова, традыцыі, культура. Менавіта гэта нас і аб’ядноўвае. Яшчэ Людміла Аляксандраўна расказала, што спрадвеку беларусы выкарыстоўвалі свой нацыянальны арнамент, дзе кожны малюнак (узор), які наносілі на ручнікі, посцілкі, кашулі, меў сваё сакральнае значэнне. Вучні разам з бібліятэкарам і класным кіраўніком паспрабавалі чырвоным алоўкам на аркушы белай паперы адлюстраваць арнамент, які азначае слова “дзіцяці”. І гэта ў іх атрымалася.
Кожная нацыя мае свой непаўторны каларыт, сваю адметную гісторыю. Так і беларусы, як сказаў класік беларускай літаратуры Янка Купала, займаюць свой пачэсны пасад між народамі.
Сяргей РАЙЧОНАК.









