
У Шаркаўшчынскім раёне актыўнымі тэмпамі ідзе пасяўная кампанія. Па стане на 8 кастрычніка быў пасеяны 67 працэнтаў азімых зерневых. А ў некаторых гаспадарках сяўбу ўжо завяршаюць, а менавіта ў ААТ “Княж” (засеяна 811 гектараў з запланаваных 900), “Ельня-Агра”(586 з 675) і “Жвіранка” (1164 з 1420).
На гэтым тыдні стаяла спрыяльнае для хлебаробаў надвор’е, і 5 кастрычніка мы наведалі палеткі ААТ “Жвіранка”, каб даведацца, як там спраўляюцца з правядзеннем сяўбы.
На ўчастку каля вёскі Краснае нас сустрэлі кіраўнік гаспадаркі Пётр Ананька, галоўны аграном Максім Тарлецкі і намеснік кіраўніка гаспадаркі па ідэалагічнай рабоце Зінта Валюшкіна.
– Усім вядома, што восень – адна з самых напружаных пор года ў жыцці сельскіх працаўнікоў, – кажа Пётр Спірыдонавіч. – Адначасова праводзіцца вялікі аб’ём работ. Так, у нас працягваецца нарыхтоўка кармоў для жывёлы, вядзецца ўборка кукурузы, якой у нас сёлета засеяны 674 гектары. Вядома, асноўныя сілы скіраваны на пасяўную. Работы праводзяцца з захаваннем агратэхнічных патрабаванняў. На сяўбе азімых зерневых ў нас задзейнічаны механізатары Дзмітрый Крышталевіч на трактары “Беларус” МТЗ-3022 у счэпе з пасяўным агрэгатам АПП-6Д і Сяргей Молакаў на трактары “Беларус” МТЗ-1221 у счэпе з сеялкай СЗТ-5,4. Думаю, што на наступным тыдні сяўбу азімых зерневых будзем завяршаць.
Непадалёк ад нас прыпыніўся трактар Сяргея Молакава. Падыходзім да яго. Аказваецца, здарылася невялікая паломка і цяпер Сяргей з гаечным ключом у руках спешна яе ліквідуе, каб працягнуць сяўбу. Трэба зазначыць, што на гэтым відзе работ ён сёлета заняты ўпершыню.
– Цяпер сею, а наступным летам на камбайне буду сам убіраць тое, што вырасце, – усміхаецца ён.
Пасля гэтага галоўны аграном гаспадаркі Максім Тарлецкі вязе мяне па мясцовых пагорках, каб паказаць, як праводзяцца іншыя віды работ.
У гутарцы даведваюся, што Максім – малады спецыяліст, у “Жвіранцы” ўсяго два месяцы, а дзяўчына побач з ім – яго жонка Ангеліна, якая працуе тут брыгадзірам па раслінаводстве. Абое яны з Гродзеншчыны, прыехалі да нас па размеркаванні пасля заканчэння Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі ў Горках.
– Падпісаў з гаспадаркай працоўную дамову на 5 гадоў, – расказвае Максім. – Пакуль асвойваюся тут, уваходжу ў курс спраў, вопытныя калегі дзеляцца са мною вопытам. Нам з Ангелінай выдзелілі жыллё, умовы задавальняюць, будзем працаваць далей.

Па чарзе мы спыняем механізатараў, каб зрабіць здымак для раённай газеты. Андрэй Катовіч праводзіць дыскаванне глебы, Сяргей Карпаў – культывацыю, Алег Андруковіч на новым МТЗ-3522 з плугам ППО 8-40 заняты на ўзворванні.

– Гэта мая радзіма, тут прайшло мае дзяцінства і юнацтва, – расказвае Алег. – На адным з пагоркаў тут калісьці стаяў маяк, дарэчы, гэтае месца лічыцца самым высокім у Шаркаўшчынскім раёне. Да гэтага я многа гадоў працаваў на Кіраўцы, а цяпер мне даверылі новы трактар, які гаспадарка атрымала ў мінулым снежні з Мінскага трактарнага завода. Асвойваю новую тэхніку, прывыкаю да яе. За дзень у залежнасці ад таго, якая глеба, узворваю ад 15 да 20 гектараў.
Развітваемся з Алегам з пажаданнем яму і іншым механізатарам поспехаў у іх важнай працы. Наведаўшы палеткі ААТ “Жвіранка”, яшчэ раз пераконваемся, што тут працуюць сапраўдныя прафесіяналы сваёй справы. У няпростых умовах яны робяць усё ад іх залежнае, каб у чарговы раз якасна правесці пасяўную кампанію і закласці трывалую аснову будучаму ўраджаю.
Андрэй БУРЭЦ.


