12 кастрычніка мы наведалі ААТ “Буеўшчына”, на палетках якога завяршалася ўборка кукурузы

Сельское хозяйство

Вячаслаў Пабяржын
Вячаслаў Пабяржын

На дварэ сярэдзіна восені, не за гарамі зіма. Пагодныя дні сканчваюцца, наперадзе нас чакае непагадзь позняй восені, дажджы, першыя марозы. Таму ў сельгаспрадпрыемствах раёна спяшаюцца, пакуль надвор’е не сапсавалася, завяршыць усе важныя работы (пасяўную, падрыхтоўку глебы, уборку кукурузы, нарыхтоўку кармоў і іншае), пасля чаго можна будзе са спакойнай душой чакаць зімы.

12 кастрычніка мы наведалі ААТ “Буеўшчына”, на палетках якога завяршалася ўборка кукурузы. На малочна-таварным комплексе ў Варонцы ішла закладка здрабнёнай масы на сілас у траншэі.

Аляксандр Слабовіч
Аляксандр Слабовіч

– На ўборцы кукурузы ў нашай гаспадарцы задзейніча звяно вопытных механізатараў, – расказвае намеснік дырэктара па вытворчасці Аляксандр Гернат. – На комплексе КВК-800 яе здрабняе Вячаслаў Пабяржын, на адвозцы працуюць Аляксандр Слабовіч, Валерый Саўчанка, Віктар Баговіч, падчас закладкі ў траншэі трамбуе на “Амкадоры” Пётр Ерамееў. Некаторы час дапамогу аказваў прысланы Глыбоцкай інтэграванай структурай “Ягуар”, але цяпер спраўляемся ўласнымі сіламі. Трэба сказаць, што сёлета кукуруза ў нас вырасла лепшая, чым у мінулым годзе. Усе нашы механізатары забяспечаны гарачым харчаваннем. Штодзённа вядзецца ўлік працоўных дасягненняў, лепшыя працаўнікі і пераможцы спаборніцтва будуць узнагароджаны на ўрачыстым сходзе, прысвечаным Дню работнікаў сельскай гаспадаркі.

Пётр Ерамееў
Пётр Ерамееў

Пасля гэтага кіруемся да вёскі Снегі, на палетках каля якой ішла ў той дзень уборка кукурузы. Дабрацца туды аказваецца няпроста, мы доўга едзем па ўбраным кукурузным полі, а потым яшчэ пешшу пераходзім цераз канаву. Зрэшты, і трактару праехаць тут няпроста. Адзін з іх якраз загруз ў напоўненай вадой каляіне. Але ў механізатараў безвыходных сітуацый не бывае, яны заўсёды прыходзяць адзін аднаму на дапамогу. Магутны КВК-800З выцягвае з лужыны трактар з прычэпам, і адразу ж, не марудзячы, тэхніка выязджае на кукурузны палетак працягваць уборку. Трэба спяшацца, бо калі пачнуцца дажджы, глеба размякне, і сюды будзе ўжо не заехаць.

Аляксандр Гернат
Аляксандр Гернат

На 13 кастрычніка ў ААТ “Буеўшчына” было скошана 269 га кукурузы, убрана 3825 тон, з якіх закладзена сіласу 3080 тон. Ураджайнасць кукурузы склала 142 ц/га. Усяго ж у гаспадарцы нарыхтавана 19 цэнтнераў кармавых адзінак на ўмоўную галаву жывёлы.

IMG_2019 (Копировать)

Андрэй БУРЭЦ.