26 студзеня ў гарадскім пасёлку прайшла «Шаркаўшчынская лыжня-2013».
— Лёгкага старту, пераможнага фінішу і моцнага здароўя! І няхай лютуе мароз — усё адно адбудзецца лыжны крос! — такое пажаданне пачулі ўдзельнікі традыцыйнага зімовага фізкультурна-спартыўнага свята “Шаркаўшчынская лыжня-2013” ад нязменнага яго сімвала — шаркаўшчынскага медзведзяняці.
Мерапрыемства пачалося а дванаццатай гадзіне, сёлета яно сабрала 24 каманды арганізацый, прадпрыемстваў і ўстаноў раёна, больш за 300 спартсменаў.
— Усе, хто сёння прыйшоў на свята, змогуць не толькі далучыцца да спорту, але і атрымаць зарад бадзёрасці, — звярнуўся з прывітальным словам да ўдзельнікаў і гледачоў намеснік старшыні райвыканкама Аляксандр Аляксандравіч Цітовіч. — Бо тое, што будзе адбывацца сёння на “Шаркаўшчынскай лыжні-2013”, яскравы прыклад таго, які шлях павінна абраць наша моладзь, каб быць здаровай і паспяховай. Сёння на стадыёне сабраліся фізічна актыўныя, мэтанакіраваныя і валявыя людзі, якія сваім прыкладам паказваюць, як трэба пераадольваць складанасці. Хачу пажадаць нашым спартсменам: няхай моцны мароз і іншыя цяжкасці не становяцца перашкодай на шляху да перамогі, а гледачам і балельшчыкам не трэба скупіцца на апладысменты і варта актыўна падтрымліваць спартсменаў.
Старты распачаліся лыжнай гонкай. Лыжная эстафета — від спорту, дзе ад удзельнікаў патрабуецца хуткасць і вынослівасць. І хоць многія дэманстравалі зайздроснае імкненне да перамогі, прыходзячы да фінішу практычна без сіл, гэтага аказалася мала. Бо перамагае, як правіла, тая каманда, у якой падабраны роўныя па сілах удзельнікі, якія добра знаёмыя з тэхнікай бегу на лыжах. На гэты раз самай хуткай аказалася чацвёрка маладых лыжнікаў з каманды КУВСП “Гарадзец”, Лужкаўская СШ, Стральцоўская і Улінаўская БШ (Віктар Стрыжонак, Сяргей Дзяменцьеў, Алеся Бортнік, Наталля Богдзя), на другім месцы спартсмены з ААТ “Княж” і Германавіцкай СШ (Юрый Хрытоненка, Юрый Мядзелец, Марына Фёдарава, Анна Хаданёнак), на трэцім — РАНС (Віталь Фёдараў, Андрэй Ліпскі, Юлія Каплуноўская, Вольга Рыдлевіч).
Адначасова праходзілі спаборніцтвы па дартсе ў жанчын і кіданні бервяна ў мужчын. У жаночай паловы самымі трапнымі аказаліся: Лідзія Мядзелец (другое месца ў асабістым заліку) і Марына Фёдарава (ААТ “Княж”, Германавіцкая СШ) — 3-яе месца, Юлія Васілеўская (трэцяе месца ў асабістым заліку) і Маргарыта Жарыкава (ААТ “Даватарскі”) — 2-ое месца, Юлія Каплуноўская (першае месца ў асабістым заліку) і Анна Грэцкая (Шаркаўшчынскі РАНС) — 1-ае месца.
А ў мужчын найбольшую маладзецкую сілу паказалі: Ігар Вершаловіч і Андрэй Пярхальскі (КУВСП “Гарадзец”, Лужкаўская СШ, Стральцоўская і Улінаўская БШ) — 3-яе месца, Андрэй Катушонак і Валерый Ліпскі (Шаркаўшчынскі РАНС) — 2-ое месца, Андрэй Юдыцкі і Дзмітрый Зеляпужын (Шаркаўшчынская СШ № 1, ДРБУ-131, РВУ “Шаркаўшчынарайгаз”) — 1-ае месца. Яны ж першынствавалі ў асабістым заліку: Дзмітрый стаў першым, Андрэй – другім, а на трэцім месцы Аляксандр Кавалёнак (ААТ “Жвіранка”, Більдзюжская СШ, Каўшэлеўская БШ).
Традыцыйна найбольш гледачоў сабралі спаборніцтвы па перацягванні каната. У зімовым варыянце гэтай забавы ўдзельнічае каманда з 4 чалавек (трое мужчын і адна жанчына), і трэба памятаць, што пад нагамі ў сапернікаў не зямля, а снег. Дарэчы, на працягу спаборніцтва снег стаптваўся, перакапваўся і пляцоўка ўвесь час перасоўвалася ўсё далей і далей. Як кажуць, мясцовым багатырам аказалася і цэлага стадыёна мала. Перад вачамі гледачоў разгарнулася цікавая напружаная барацьба. Кожная каманда, кожны ўдзельнік імкнуўся дастойна абараніць гонар сваёй арганізацыі. Нярэдка ў азарце барацьбы нехта аказваўся на снезе, а часам і ўся каманда. Сапраўдным упрыгожаннем стаў фінальны паядынак паміж асілкамі з каманды ААТ “Княж” і Германавіцкая СШ (Віктар Крыўко, Ігар Якушаў, Міхаіл Хаданёнак, Іна Трапачка) і камандай Шаркаўшчынскай СШ № 1, ДРБУ-131 і РВУ “Шаркаўшчынарайгаз” (Дзмітрый Зеляпужын, Андрэй Юдыцкі, Андрэй Падабыцька, Святлана Бабчонак). На працягу ўжо многіх гадоў перамогу ў гэтым відзе нязменна святкуе “Княж”, здавалася, так будзе і на гэты раз. Але прадстаўнікі каманды сапернікаў думалі іначай. Знаходзячыся на мяжы паражэння, літаральна за крок да лініі, яны ўпёрліся, сталі намертва і… перамаглі. Радасці пераможцаў не было межаў. Яшчэ б, ім удалося зрабіць, здавалася б, неверагоднае, перапыніць шматгадовую гегемонію у гэтым відзе. Ганаровае трэцяе месца ў каманды ДБУ-26 (Іван Накоўнікаў, Сяргей Хрол, Ігар Баговіч, Таццяна Буйка).
У агульнакамандным заліку па на трэцяе месца выйшла каманда Шаркаўшчынскай СШ, ДРБУ-131, РВУ “Шаркаўшчынарайгаз”, на другім — Шаркаўшчынскі РАНС. А званне пераможцы, як і летась, заваявала каманда ААТ “Княж” і Германавіцкай СШ, якая прадэманстравала стабільнасць і практычна ва ўсіх відах займала прызавыя месцы.
Падчас правядзення свята райспажыўтаварыства наладзіла гандаль. Тыя, хто адчуваў неабходнасць папоўніць запас калорый, мог падмацавацца бясплатнымі кашай, гарачым чаем з пернікамі.
Нельга забыць пра прыгожых снегавікоў, якія выстраіліся ў адну лінію і паглядзеўшы на якіх, немагчыма было не ўсміхнуцца. Справа ў тым, што ў межах падрыхтоўкі да лыжні сярод школ раёна прайшоў конкурс на лепшага снегавіка. Вынікі работы вучняў і настаўнікаў, плён іх творчай фантазіі і быў прадстаўлены на свяце. Кожны мог прагаласаваць за таго снегавіка, які спадабаўся яму найбольш. У канцы начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Валянціна Іванаўна Лемяшэўская падвяла вынікі. Дыпломамі пераможцаў былі ўзнагароджаны Шаркаўшчынскія сярэднія школы № 1 і № 2, Гуркаўская і Станіславоўская БШ, Більдзюжская СШ. Адзначаны былі і іншыя школы.
Пра ўражанні ад свята я спытаў у жанчыны, якая весела гуляла з маленькай дзяўчынкай. Гэта аказаліся Анна Заводская са сваёй сястрой Лерай.
— Вельмі весела і цікава! — адказалі яны. — І нават ніколькі не холадна!
Андрэй БУРЭЦ, фота аўтара.
[nggallery id=11]
[nggallery id=12]
[nggallery id=13]


Да, РОВД не удержало свою позицию. По-моему в прошлом году были на пьедестале или около. А вот за Германовичи всегда порадоваться можно: где б не участвовали, а все призовые места.Может там кормят чем особенным? А говорят в деревнях от плохой жизни спиваются. Судя по результатам лыжни, только там и ведут здоровый образ жизни.
пожарники молодцы, сразу видно проф. подготовка на уровне, а где физика и остальных силовиков (ровд, охрана) которым по службе положено быть на первых местах?