Ганаровай граматай абласной прафсаюзнай арганізацыі работнікаў АПК узнагароджана Людміла Хаданёнак

Прафсаюзы Сельское хозяйство

Адным з лепшых аператараў машыннага даення не толькі ў сваёй гаспадарцы, але і ў раёне з’яўляецца Людміла Хаданёнак, якая працуе на МТФ “Германавічы” ААТ “Княж”. На старонках нашай газеты мы неаднаразова паведамлялі пра высокія працоўныя паказчыкі гэтай жанчыны.
— У маім гурце налічваецца 54 каровы, — кажа Людміла Юр’еўна. — За 11 месяцаў 2021 года валавы надой малака склаў 268 тон. У сярэднім на адну карову я надаіла па 4812 кілаграмаў малака.
Дарэчы, па выніках працы за мінулы год Людміла Хаданёнак стала лаўрэатам ганаровага звання “Чалавек года Шаркаўшчыны” ў намінацыі “аграпрамысловы комплекс”.
Павіншаваць перадавога аператара машыннага даення ў пачатку снежня на МТФ “Германавічы” прыехала старшыня абласнога камітэта прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Таццяна Анатольеўна Ярома. Яна выказала словы ўдзячнасці работнікам МТФ за іх нялёгкую, але вельмі карысную працу, а Людміле Хаданёнак уручыла каштоўны падарунак і Ганаровую грамату за шматгадовую добрасумленную працу ў сістэме аграпрамысловага комплексу, дасягненне высокіх вытворчых паказчыкаў і актыўны ўдзел у грамадскім жыцці калектыву.
У той жа дзень Таццяна Анатольеўна Ярома наведала МТФ “Варонка” ААТ “Буеўшчына”. Разам са старшынёй райкама прафсаюза работнікаў АПК Таццянай Мікалаеўнай Альшэўскай яны падарылі для патрэб калектыву электрачайнік, разнастайныя падарункі, каб у вольную ад працы хвіліну можна было выпіць каву ў пакоі для адпачынку.
Сяргей РАЙЧОНАК.