Германавіцкаму мастацка-этнаграфічнаму музею імя Язэпа Драздовіча — 30 год

Главное

Роўна тры дзесяцігоддзі назад, у снежні 1991 года ў вёсцы Германавічы адкрыўся музей культуры і быту, асновай экспазіцыі якога сталі прадметы этнаграфіі, мастацкія работы і асабістыя рэчы Язэпа Нарцызавіча Драздовіча. Юбілею ўстановы культуры быў прысвечаны вечар успамінаў, які прайшоў у снежні. Музей гэта не толькі гістарычныя артэфакты, прадметы даўніны, дзеючая экспазіцыя і фондасховішча. У першую чаргу, гэта людзі, былыя і цяперашнія супрацоўнікі, усе тыя, хто сваімі намаганнямі зберагае спадчыну нашых продкаў. На мерапрыемства сабраліся людзі, якія стаялі каля вытокаў стварэння музея, шматлікія госці, мясцовыя жыхары.
Наогул, ініцыятарам стварэння музея з’яўляецца былая настаўніца Германавіцкай сярэдняй школы Ада Эльеўна Райчонак, якая і падзялілася з прысутнымі ўспамінамі пра той час.
— У 1980-х гадах я пачала карпатлівую працу па стварэнні музея, — кажа Ада Эльеўна. — У выніку пошукавай работы, якую я праводзіла са сваім калегам і аднадумцам Кліменціем Арсеньевічам Кожанам, межы школьнага гісторыка-краязнаўчага музея пашырыліся: быў адкрыты пакой баявой славы 1406 зенітна-артылерыйскага палка, які вызваляў Германавічы ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Напрыканцы 1991 года ад школьнага музея адгалінаваўся музей культуры і быту, у якім я і стала першым дырэктарам. Канечне, сутыкаліся мы са шматлікімі цяжкасцямі. Збіралі прадметы даўніны па навакольных вёсках. У рамонце памяшканняў нам дапамагло кіраўніцтва калгасаў. І вось так пакрысе ўзбагачалася і павялічвалася экспазіцыя, расла колькасць індывідуальных і экскурсійных наведванняў.
На свята ў той дзень завіталі былыя вучні Ады Эльеўны Райчонак. Гэта жыхары Германавіч Наталля Ліпская, Марына Фёдарава і Алена Ганебная. У цёплай сяброўскай гутарцы яны разам успаміналі гады вучобы ў школе, экскурсійныя паездкі, турыстычныя паходы па Шаркаўшчынскім раёне.
Кожны з прысутных меў магчымасць успомніць пра той час, калі разам з Адай Эльеўнай займаўся краязнаўчай работай, дапамагаў збіраць экспанаты для музея. Сваю працу ў сферы культуры загадчык Дома ганчара Сяргей Рымдзёнак пачаў з музея. Ён некаторы час з’яўляўся яго кіраўніком. Менавіта Ада Эльеўна паспрыяла таму, каб Сяргей Леанідавіч захапіўся ганчарнай справай. І гэта ў яе атрымалася. Цяпер Сяргей — пастаянны ўдзельнік раённых, абласных, рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў і выстаў. Ён з’яўляецца сябрам Саюза майстроў Рэспублікі Беларусь, мае вельмі шмат узнагарод. Не ўступае свайму спадарожніку жыцця і яго жонка Ганна Міхайлаўна. Яна займаецца ткацтвам, адраджае старадаўняе рамяство, вучыць гэтаму маленькіх дзяцей у сваіх гуртках.
Тое ж можна сказаць і пра сённяшняга дырэктара музея Людмілу Навіцкую, якая тут працуе на працягу 24 год. У 1997 годзе прыйшла на працу ў музей і Валянціна Райчонак — захавальнік фондаў. Ёй Людміла Казіміраўна ўручыла Ганаровую грамату аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама за шматгадовую добрасумленную працу. Больш дваццаці год разам з імі працуе і музейны наглядчык Алена Молакава. Таццяна Катовіч, якая займае пасаду навуковага супрацоўніка, у гэтым калектыве працуе з 2014 года, праводзіць навукова-даследчую работу, экскурсіі для наведвальнікаў. Новыя цікавыя задумкі і распрацоўкі для далейшага развіцця музея прынесла з сабою Іна Сямёнаўна Пучынская. Яна 37 год працавала настаўніцай гісторыі ў мясцовай школе, а цяпер свой багаты прафесійны вопыт увасабляе на пасадзе навуковага супрацоўніка музея. Менавіта яна з’яўляецца аўтарам, распрацоўшчыкам краязнаўчага турыстычнага маршруту “Сцежкамі Язэпа Драздовіча”, які, дарэчы, карыстаецца папулярнасцю сярод мясцовага насельніцтва і прыезджых гасцей. Ларыса Мядзелец шмат год адпрацавала навуковым супрацоўнікам Гарадзецкага аддзела (філіяла) Германавіцкага музея культуры і быту. Пасля яго закрыцця музейныя фонды былі перададзены ў Германавічы, а Ларыса Сцяпанаўна цяпер працуе ў Верацееўскай сельскай бібліятэцы, з’яўляецца атэставаным экскурсаводам.
На юбілей установы завітала старшыня Германавіцкага сельвыканкама Мая Яўгеньеўна Якімовіч. Яна выказала словы вялікай ўдзячнасці супрацоўнікам музея, а таксама ўручыла Падзяку за высокі ўклад у захаванне гісторыка-культурнай спадчыны малой радзімы. Зборнік вершаў Міхася Райчонка музею падарыла яго маці Ада Эльеўна Райчонак.
У 2019 годзе, дзякуючы ўдзелу ў праекце “Брэндзінг аграгарадка Германавічы, як інструмент устойлівага развіцця сельскай тэрыторыі: агульнымі намаганнямі для ўсіх”, змаглі рэканструяваць адну з выставачных залаў, прысвечаную Язэпу Драздовічу. Тады ж, 18 мая ва ўстанове культуры прайшла міжнародная акцыя “Ноч музеяў”. А незадоўга перад гэтым музей афіцыйна стаў называцца “Германавіцкі мастацка-этнаграфічны музей імя Язэпа Драздовіча”. Сёлета ўстанова культуры занесена на раённую Дошку гонару сярод арганізацый, якія дасягнулі высокіх вынікаў у рабоце і ўнеслі значны ўклад у развіццё Шаркаўшчынскага раёна. Наогул, супрацоўнікамі ўстановы культуры праводзіцца карпатлівая работа, накіраваная на зберажэнне аўтэнтычнай спадчыны нашай мясцовасці, на прыцягненне большай колькасці наведвальнікаў. Нягледзячы на тую акалічнасць, што Германавічы знаходзяцца на вялікай адлегласці ад абласнога цэнтра, ад сталіцы, іншых буйных гарадоў, тут амаль кожны дзень бываюць экскурсіі, шматлікія людзі цікавяцца нашым мінулым, творчасцю Язэпа Драздовіча.
Вясёлы настрой падчас мерапрыемства сваімі песнямі і музыкай стваралі Алеся Русецкая і Сяргей Рымдзёнак. Дарэчы, Сяргей Леанідавіч не толькі спяваў, але яшчэ і выдатна іграў на акардэоне.
Наперадзе ў супрацоўнікаў музея шмат новых цікавых задумак, разнастайных ідэй, якія абавязкова будуць увасоблены у жыццё, бо ўсе яны — адна творчая каманда.
Сяргей РАЙЧОНАК.